1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларусь мае шанцы далучыцца да "Усходняга партнёрства"

11 марта 2009 г.

Замежнапалітычны дарадца найбуйнейшай кіроўнай фракцыі бундэстагу ХДЗ/ХСЗ Ганс-Ёахім Фаленскі паведаміў беларускім журналістам і палітыкам аб шанцах далучэння Беларусі да праграмы "Усходняе партнёрства".

https://p.dw.com/p/HA7O
Фота з архівуФото: AP

Еўрапейскі Звяз гатовы прыняць Беларусь у праграму "Усходняе партнёрства" амаль незалежна ад унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Такое ўражанне, нават у адсутнасць публічных абяцанняў, склалася ў беларускіх палітыкаў і аналітыкаў пасля сустрэчы ў Вільні з замежнапалітычным дарадцам найбуйнейшай кіроўнай фракцыі бундэстагу ХДЗ/ХCЗ Гансам-Ёахімам Фаленскі (Hans-Joachim Falenski).

ЕЗ пасылае сігнал

У хадзе гутаркі былі закранутыя пытанні еўра-беларускага супрацоўніцтва. Сустрэча насіла закрыты характар, ад афіцыйных каментароў прадстаўнік нямецкага парламенту ўстрымаўся.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы ў Вільні, палітаглядальнік Аляксандр Класкоўскі, лічыць, што сам візіт прадстаўніка нямецкага бундэстагу – гэта сігнал цярпімасці Еўразвязу да беларускага кіраўніцтва. "Відавочна, што ўсё ж такі вырашана ангажаваць Беларусь ва "Ўсходняе партнёрства", нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск не зрабіў нічога сістэмнага ў руху да дэмакратыі і правоў чалавека", – кажа Класкоўскі.

Паводле словаў палітаглядальніка, калі беларуская ўлада "не наломіць вялікіх дроў – напрыклад, не разгоніць надта брутальна маніфестацыю на Дзень волі – то ў беларускага кіраўніцтва ўжо ў кішэні "Усходняе партнёрства", а можа нават і запрашэнне Лукашэнку на саміт у Прагу".

Дэмакратыя ў залежнасці ад абставінаў

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі па-рознаму ацэньваюць магчымы працяг "мядовага месяца" у стасунках паміж Мінскам і Еўропай. Адзін з лідэраў "Руху за свабоду" Віктар Карняенка станоўча ацэньвае палітыку Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі.

"Тое, што кантакты паміж Еўропай і Беларуссю будуць працягвацца – відавочна. У большасці краін дэмакратыя паўставала не таму, што дыктатару захацелася. Сёння ёсць такі чыннік, як вонкавыя абставіны, і гэта прымушае беларускія ўлады мяняцца", - лічыць Карняенка.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі настроены менш аптымістычна. Паводле палітыка, "Усходняе партнёрства" добра для беларускага народу. Але Баршчэўскі супраць безумоўнага далучэння да гэтай праграмы ЕЗ беларускага рэжыму. "Супрацоўнічаць па супольнаму энергазабеспячэнню Еўропы можна пачынаць хоць сёння", - падкрэслівае апазіцыйны лідэр, але супрацоўніцтва па іншых праграмах, напрыклад, па міжпарламенцкай, залежыць, паводле яго, толькі ад дзеянняў сённяшняй улады.

Гульня па сцэнары беларускага рэжыму?

Матываў змяняцца ў беларускай улады, калі яе перастане штурхаць Брусель, застанецца мала. Так мяркуе Аляксандр Класкоўскі. "Выглядае так, што гульня з Еўропай адбываецца па сцэнары беларускіх уладаў. Яны хацелі прагматычнага дыялогу – гэты сцэнар і рэалізуецца", - паведаміў Класкоўскі.

Па словах палітаглядальніка, ён не пачуў аргументаў, што Еўропа мае вагары ўздзеяння ў кірунку дэмакратызацыі. На ягоную думку, гэта рашэнне ў рэчышчы рэал-палітык – маўляў, давайце ўцягнем Беларусь, а там пабачым, галоўнае – выцягнуць краіну з расейскай зоны ўплыву.

Праграма Еўразвязу "Ўсходняе партнёрства" ахопіць пяць усходнееўрапейскіх краін, акрамя Расеі, і магчыма, Беларусь. У праграме, якая афіцыйна стартуе 7 траўня на саміце ў Празе, прадугледжваецца глыбокая эканамічна-юрыдычная інтэграцыя гэтых дзяржаў з Еўразвязам, аднак перспектыва іх далучэння да блоку пакуль афіцыйна не дэкларуецца.

Аўтар: Вадзім Вілейта

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще