«Дыялог з Еўропай павінен быць паўнавартасным»
24 апреля 2008 г.«Калгаснае беззаконне» - так вобразна ахарактарызаваў сённяшнюю cітуацыю ў Беларусі старшыня Партыі БНФ, філосаф і перакладчык Лявон Баршчэўскі. Па яго словах, сістэма, якую выпрацаваў прэзідэнт Лукашэнка, паўтарае сістэму у калгасе, дзе ў прынцыпе чалавек быў беспраўны, а старшыня калгаса мог яму дыктаваць, што і як рабіць. «Адзінае адрозненне ў тым, што над старшыней калгаса раней стаяў яшчэ нейкі камітэт. Над Лукашэнкам сёння практычна ніхто не стаіць», - адзначыў Лявон Баршчэўскі.
На думку старшыні Беларускага Народнага Фронту, беззаконне ўжо дасягнула такіх масштабаў, што любы чалавек адчувае сябе абсалютна безабаронным: «Вельмі цяжка зрабіць што-небудзь у краіне, калі няма мінімальнага дзеяння закону. Бо вінаваты той, на каго пакажуць пальцам. Тады ён ўжо нічым не можа сябе абараніць».
Старая Еўропа менш арыентуецца у беларускіх праблемах
У той жа час, Лявон Баршчэўскі падкрэсліў, што праблемы раз’яднанасці ў беларускай апазіцыі няма. Па словах старшыні БНФ, больш адзінай апазіцыі, чым у Беларусі, няма ва ўсёй Усходняй Еўропе: «І Расіі, і іншым краінам трэба браць з нас прыклад, таму што мы маем аб’яднаныя дэмакратычныя сілы – ёсць Прэзідыум і Рада гэтых сілаў, ёсць рабочыя групы, якія сумесна выпрацоўваюць дзеянні. Яны збіраюцца па некалькі разоў на тыдзень».
Еўропа, нажаль, не мае адзінай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, канстатуе Лявон Баршчэўскі. Ён тлумачыць гэта тым, што краіны Еўразвязу яшчэ не дайшлі да такой ступені, каб цалкам узгадняць сваю міжнародную палітыку: «Калі нашы найбліжэйшыя суседзі, якія самі жылі пад камуністычным рэжымам – палякі, літоўцы, латышы – добра разумеюць, што ў нас адбываецца, то Старая Еўропа менш арыентуецца у гэтых праблемах. Яна часам робіць крокі, якія варта рабіць, толькі пракансультаваўшыся з нашай грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку і з апазіцыйнымі партыямі».
Адным з такіх крокаў з’яўляецца павышэнне кошту шэнгескіх візаў з 35 да 60 еўра, гаворыць Лявон Баршчэўскі: «Такі крок толькі аддаляе беларусаў ад Еўропы. Еўрапейскія структуры ў сілах вырашыць гэтае пытанне».
За паўнавартасны дыялог з Еўропай
Акрамя таго, старшыня Партыі БНФ звярнуў увагу на няўзгодненасць паміж амерыканскай і еўрапейскай палітыкай у дачыненні да Беларусі:
«Амерыканцы больш паслядоўна трымаюцца палітыкі ціску, патрабуюць выканання найважнейшых прынцыпаў у галіне правоў чалавека, чым гэта робіць Еўропа. Амерыка знайшла вельмі добры механізм, прымяніўшы санкцыі супраць “Белнафтахіму”. Рэч у тым, што ўвесь прыбытак ад гэтай арганізацыі Лукашэнка дзяліў паміж сваімі вышэйнымі чыноўнікамі. Яны мелі ад гэтага даходы і за гэта падтрымлівалі Лукашэнку. Санкцыі выклікалі шалёную рэакцыю менавіта таму, што Лукашэнка падставіў сваё атачэнне пад такую непрыемную рэч».
Як падкрэсліў Лявон Баршчэўскі, беларускі рэжым у прынцыпе хацеў бы мець дыялог з Еўропай, але без удзелу ў ім апазіціі і грамадзянскай супольнасці: «Між тым, апазіцыйныя партыі і грамадзянская супольнасць рэпрэзентуюць як мінімум трэць насельніцтва, я мог бы сказаць і палову. Іх нельга выключаць з дыялога. Мы стараемся патлумачыць Еўропе, што мы таксама за дыялог, але ён павінен быць паўнавартасным з удзелам не толькі улады, якая думае ў першую чаргу пра свае інтарэсы, а і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі».
Двайная стратэгія асіметрычнага дыялогу і супрацоўніцтва
У сваю чаргу, аналітык берлінскага Фонду навукі і палітыкі Хайнц Цімерман адзначыў, што Еўразвяз ні ў якім выпадку не зацікаўлены ў ізаляцыі Беларусі, як тое пастаянна сцвярджае рэжым Лукашэнкі. На думку нямецкага эксперта, стратэгія хуткай змены рэжыму не гарантуе поспеху. Наадварот, яна дадае рэжыму больш моцныя шансы дыскрэдытаваць альтернатыўныя погляды праз рознага кшталту змовы і нейтралізаваць іх праз далейшыя рэпрэсіі.
Шансы для перанакіравання рэжыму ў бок еўрапейскіх каштоўнасцяў Хайнц Цімерман бачыць у ініцыяванай Еўразвязам двайной стратэгіі асіметрычнага дыялогу і супрацоўніцтва: «Стратэгія мае за мэту звонку падтрымаць ініцыяваныя знутры перамены. Яна складаецца ў тым, каб у рамках рашэнняў Еўразвязу падтрымліваць асобныя кантакты з пэўнымі прадстаўнікамі рэжыму. Гэта вельмі важна, бо праца Еўрапейскіх арганізацыяў вымагае дазволу ўрада».
Прадстаўніцтва Еўразвязу магло б прэзентаваць сапраўдны твар Еўразвязу Беларусі і непасрэдна азнаёміць грамадскасць з сваімі праграмамі, ініцыятывамі і прапановамі па супрацоўніцтве. «Іншы бок стратэгіі накіраваны на тое, каб прадэманстраваць салідарнасць з дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю. Гэта стратэгія можа дапамагчы надаць беларускай палітыцы, эканоміцы і грамадству больш кампетэнцыі і прафесіяналізму, зматываваць у людзей цікавасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў, дапамагчы ім пазбавіцца адчування ізаляванасці і адмежаванасці ад Еўропы», – гаворыць аналітык берлінскага Фонду навукі і палітыкі Хайнц Цімерман.