1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Еўразвяз заклікае Расею задумацца над "беларускім пытаннем"

Алена Данэйка

Да канца траўня Еўразвяз мае намер выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію ў дачыненні Беларусі, дзе значная роля павінна належыць Расеі

https://p.dw.com/p/8Ky7

Як заявіла на сустрэчы з журналістамі ў Бруссэлі Эма Удвін, цяпер палітыка ЕЗ дачынна Беларусі развіваецца па двух напрамках: прынятыя абмежавальныя меры да прадстаўнікоў беларускага рэжыму і рашэнні па падтрымцы грамадзянскай супольнасці. Па словах прэс-сакратара Еўракамісіі па пытаннях знешніх сувязяў Эмы Удвін, Еўразвяз жадаў бы аднойчы зрабіць Беларусі прапанову адмысловага партнёрства ў рамках палітыкі суседства, але:

"У цяперашніх умовах гэта немагчыма. Мы не можам прапанаваць адмысловае партнёрства рэжыму, які ізалюе сябе ад Еўропы і паказвае так мала павагі да дэмакратыі і правоў чалавека. У той жа час мы б жадалі паказаць грамадству, людзям у Беларусі, што мы не павярнуліся да іх спіной і жадалі б развіваць больш цесныя адносіны з імі".

Эма Удвін таксама падкрэсліла, што абмежавальныя візавыя захады вельмі адрасныя і накіраваныя пэўна на тых людзей, якія, як лічаць у ЕЗ, нясуць адказнасць за нахабныя парушэнні дэмакратычных стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Дэпутат Еўрапарламенту Багдан Кліх на сустрэчы адзначыў, што сёння ў структурах ЕЗ ёсць узгодненая пазіцыя ў дачыненні да Беларусі. Еўрапарламентары пераконваюць Еўракамісію і Раду Еўразвязу правесці сур'ёзныя перамовы са сваімі ключавымі міжнароднымі партнёрамі - Расіяй і ЗША.

"Мы здаволеныя тым, як ідзе дыялог па Беларусі з Вашынгтонам, але не здаволеныя тым, як ідзе дыялог з Масквой. Мы рэгулярна атрымоўваем інфармацыю з Камісіі і Рады аб тым, што расійскія партнёры адмаўляюцца ўключаць т.з. беларускае пытанне нават у парадка дня перамоваў. Расійскія партнёры кажуць, што не жадаюць уключаць у двухбаковыя перамовы паміж Расіяй і ЕЗ пытанне трэцяй краіны. Але мы падкрэсліваем, што гэта не зусім трэцяя. Сама мала на фармальным узроўні існуюць адмысловыя адносіны паміж Масквой і Мінскам у рамках Саюза Беларусі і Расіі".

Тым не менш, еўраструктурам атрымалася дабіцца ўвагі Масквы. Абвешчана, што "беларускае пытанне" будзе абмяркоўвацца 25 траўня ў Сочы на сустрэчы Ўладзіміра Пуціна з вярхоўным прадстаўніком ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Хаўерам Саланам, дзейным прэзідэнтам ЕЗ канцлерам Аўстрыі Вольфгангам Шусэлем і прэзідэнтам Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозам. Паводле прэс-сакратара Саланы Крысціны Галах, ЕЗ будзе пераконваць Расію, што для яе ж самой "некарысна” мець побач рэжымы такога кшталту, як у Беларусі". "Такія рэжымы - дымавая фіранка", - лічыць Галах.

Калі, нягледзячы на ўсе высілкі, сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца, то Еўразвяз мае намер звярнуцца да эканамічных санкцыяў. Еўрачыноўнікі гавораць, што гэта будзе варыянт, як з М'янмай - поўнае эмбарга. Але спадзяюцца, што беларускія ўлады будуць разважлівыя і не давядуць сітуацыю да прыняцця крайніх захадаў.