За свабоду думкі
25 июня 2008 г.На цырымонію ўзнагароджання запрошаныя сябры журы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і дэмакратычнае грамадскасці. У склад журы, якое вызначыла лаўрэатаў, увайшлі вядомыя ў краіне і далёка па-за ейнымі межамі асобы – Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Святлана Алексіевіч, Алесь Пашкевіч і многія іншыя літаратары, мастакі, грамадскія дзеячы, палітыкі. Лаўрэаты прэміі атрымаюць статуэткі “За Свабоду думкі”, аўтарам якіх з’яўляецца скульптар Віктар Копач, і памятныя дыпломы.
Аўтар ідэі прэміі, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, адмовіўшыся загадзя назваць імёны лаўрэатаў, распавёў DW-RADIO пра ідэю і сэнс гэтай узнагароды.
“Сама ідэя паўстала ў час, калі я ў Еўрапейскім Парламенце атрымліваў прэмію “За свабоду думкі”. Я тады адразу сказаў, што гэта прэмія не мне, а тым, што змагаліся на Беларусі за свабоду і за праўду, многім-многім тысячам людзей. І тады паўстала думка, што гэтя прэмія павінная, па-першае, падтрымаць рэпрэсаваных людзей, але адначасова, безумоўна, і самых мужных, самых разумных, самых адказных, тых людзей, што фармавалі дух беларускі, дух Плошчы Каліноўскага.
Гэта інтэлектуалы, гэта людзі літаратуры, гэта грамадскія дзеячы. Тады, год назад, у Бычках, калі адзначаўся Дзень народзінаў Васіля Быкава, я сказаў, што рух “За свабоду” будзе засноўваць такую прэмію імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”. Таму што тая прэмія, якую я атрымаў, таксама называлася “За свабоду думкі”. Гэта як бы працяг той прэміі, і я лічу, што гэта выдатны спосаб размеркаваць прэмію сярод самых дастойных. Яны будуць названыя толькі 26-га чэрвеня ў Бычках”.
Сёлета прэмію атрымаюць адразу тры чалавекі. А ў будучым, паводле словаў Аляксандра Мілінкевіча, журы будзе штогод вызначаць аднаго самага годнага яе ўладальніка.