Новае люстэрка незалежнай беларускай культуры
8 января 2008 г.Заснавальнікамі і выдаўцамі штотыднёвіка “Наша культура” з’яўляюцца культурніцкая камісія Партыі БНФ і адпаведная структура арганізацыі “Моладзь БНФ”. Як паведаміў “Нямецкай хвалі” галоўны рэдактар газеты Адам Птушка, мэтаю выдання ёсць асвятленне культурніцкіх падзеяў, што адбываюцца ў краіне, інфармацыя і аповеды пра музычныя, літаратурныя і мастацкія імпрэзы, якія ладзяцца ў сядзібе БНФ.
Не чыста партыйнае выданне
Паводле словаў Адама Птушкі, “Наша культура” не будзе вузка партыйным выданнем:
“Так супала, што менавіта ў гэты час спыніла свой выхад “Музыкальная газета” – амаль што апошняе якаснае годнае выданне пра беларускую незалежную музыку, і таму мы вырашылі рабіць гэтае выданне”.
Адам Птушка адзначыў, что газета будзе разлічаная на тых людзей, якія хочуць даведацца пра альтэрнатыўныя культурныя, музычныя крыніцы.
По меркаванням старшыні культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франака Вячоркі, палітыка беларускае ўлады давяла да таго, што ў краіне ў цэлым амаль знікла культурніцкае жыццё, а гэта значыць, што была амаль знішчаная ўся незалежніцкая творчасць. “У нашай прасторы практычна адсутнічаюць медыі, якія паведамляюць пра дзейнасць незалежных, паўпадпольных беларускіх музыкаў, апальных мастакоў і іх карціны”.
Між тым, ліча Франак Вячорка, менавіта такая дзейнасць людзей, якія аказаліся не ў фаворы ўладаў, з’яўляецца сапраўды каштоўнай і значнай для беларускае культуры”.
Аўдыторыя – усе цікаўныя беларусы
У цэлым жа, як адзначыў Франак Вячорка, выданне будзе скіравана на ўсіх цікаўных беларусаў.
“Нашая задача - прадэманстраваць свету і найперш беларусам, што існуе, і што дзеецца вакол іх. Гэта і сотні разнастайных цікавых імпрэзаў, акцыяў, гэта стварэнне незалежніцкіх кінапрадуктаў, аўдыёпрадуктаў”.
Афіцыйныя медыі ігнаруюць нацыянальную культуру
Зусім нядаўна беларуская медыйная прастора пабачыла шэраг аўдыёкніг па-беларуску, а таксама фільмы ў беларускім дубляжы. Аднак дзяржаўную прэсу, нават тую, што мусіць займацца пытаннямі культуры, такія рэчы, паводле словаў Франака Вячоркі, не цікавяць.
Ён падкрэсліў, што афіцыйны друк як газета “Культура”, а таксама часопісы, якія сышлі на маргінез, перасталі быць люстэркам беларускай культуры, яны выконваюць дзяржаўны заказ. А дзяржава, па меркаванням Франака Вячоркі, паказвае толькі тое, што ёй патрэбна.
Напрыклад, на прэзентацыі “Крымінальнага чытва” па-беларуску сабраліся прадстаўнікі дзяржаўнага тэлебачання – ОНТ, БТ, а таксама Беларускага радыё, газеты “Вечерний Минск”, але ніхто з іх не пусціў матэр’ялы ў друк ці ў эфір. Як пасля аказалася, “зверху” сышла ўстаноўка не даваць інфармацыцю пра беларускі дубляж. Гэта сведчыць пра тое, што ўлада клапоціцца не пра культуру, а ўласна пра свой інтарэс, кажа старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ.
Аўтарам можа стаць кожны
Як адзначыў рэдактар газеты Адам Птушка, магчымасць размяшчаць свае артыкулы на старонках новага выдання атрымаюць не толькі прафесійныя журналісты, але і ўсе, каго цікавіць беларуская культура.
Да выдання можа далучыцца любы аўтар, які жадае друкавацца ў незалежнай перыядычнай прэсе. Створаны адрас [email protected], на які можна дасылаць артыкулы.
Змест дэбютнага выпуску “Нашай культуры” складаюць, да прыкладу, агляд апошніх культурніцкіх імпрэзаў, што адбыліся ў сядзібе БНФ, развагі паэта і барда Сержука Сокалава-Воюша наконт "прыроды трасянкі" і яе ўжывання ў творчасці беларускіх музыкаў, артыкул Вацлава Паспалітага да гадавіны з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка і публіцыста пачатку ХХ стагоддзя Сяргея Палуяна.