1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Што не так з новым святам, усталяваным Лукашэнкам?

Таццяна Невядомская
17 июня 2021 г.

17 верасня Лукашэнка абвясціў Днём народнага адзінства. Эксперты ўпэўненыя, выбар даты невыпадковы, афіцыйны Мінск у чарговы раз вырашыў дапячы заходнім суседзям.

https://p.dw.com/p/3v3L3
Weißrussland Unabhängigkeitstag Militärparade in Minsk
Фото: Reuters/V. Fedosenko

У Беларусі з'явілася новае дзяржаўнае свята. Згодна з указам Лукашэнкі, 17 верасня ў краіне будуць адзначаць Дзень народнага адзінства. У гэты дзень у 1939 годзе Савецкае войска ўварвалася ў Польшчу, у выніку да БССР далучылі Заходнюю Беларусь. "Выбар даты падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці", – пракаментаваў блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал "Пул Першага". У Варшаве выбраная беларускімі ўладамі дата Дня народнага адзінства выклікала абурэнне. "Немагчыма зразумець выкарыстанне (у якасці святочнай даты – Рэд.) наступстваў пакта Сталіна і Гітлера як аснову гістарычнай палітыкі Беларусі", – заявілі ў польскім МЗС.

Што пра дату 17 верасня думаюць гісторыкі і самі беларусы, ці здольная яна абʼяднаць грамадства падчас палітычнага крызісу, высвятляла DW.

"Рэжым Лукашэнкі пускае карані ў сталінскія часы"

гісторык Таццяна Астроўская
Таццяна АстроўскаяФото: Privat

"Прасоўванне Чырвонай арміі на Усход па выніках Пакта Молатава-Рыбентропа было супярэчлівай падзеяй для насельніцтва Беларусі. З аднаго боку яна сімвалізавала пачатак найвялікшай трагедыі і каласальных страт. З іншага – Рыжская мірная дамова, падпісаная 18 верасня 1921 года, у выніку якой беларускае насельніцтва апынулася падзеленым, сапраўды не ўлічвала яго інтарэсаў. Абʼяднанне было жаданым для многіх", – каментуе гісторык, навуковы супрацоўнік Інстытута гістарычных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы імя І.Г. Гердэра Таццяна Астроўская. Паводле яе, гэта ўнікальны, але разам з тым трагічны і траўматычны гістарычны досвед, такім ён і павінен заставацца ў гістарычнай памяці.

На думку гісторыка і асацыяванага супрацоўніка Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта Аляксандра Фрыдмана, выбар у якасці дзяржаўнага свята даты, звязанай з падзеямі сталінскіх часоў, у 2021 годзе выклікае шмат пытанняў: "Калі мы бярэм дату са сталінскай эпохі і рашэнне, якое прымаў Сталін, мы тым самым узвялічвае тырана. Але з палітычнага пункту гледжання гэта ўсё абсалютна зразумела – рэжым Лукашэнкі пускае карані ў сталінскія часы".

гісторык Ігар Мельнікаў
Ігар МельнікаўФото: Privat

Гісторык Ігар Мельнікаў у сваю чаргу адзначае, што ставіцца да падзеі 17 верасня 1939 года варта менавіта як да ваеннай аперацыі, а не так захоплена, як гэта падавалася ў савецкай гістарыяграфіі. "17 верасня Чырвоная армія перайшла даваенную савецка-польскую мяжу і на працягу месяца далучыла Заходнюю Беларусь да БССР. Фактычна 17 верасня Савецкі саюз уступіў у Другую сусветную вайну. Гэта была, адназначна, ваенная аперацыя".

Улады абралі дату 17 верасня з-за палітычнай канʼюнктуры

Суразмоўцы DW салідарныя ў тым, што беларускія ўлады абралі дату для дзяржаўнага свята з-за палітычнай канʼюнктуры. "Калі браць знешнепалітычны кантэкст, то гэта бʼе па беларуска-польскіх адносінах. У Польшчы – гэта дзень нацыянальнай трагедыі. Паколькі сёння размова ідзе аб канфрантацыі з Захадам, антыпольская рыторыка будзе толькі ўзмацняцца", – кажа Ігар Мельнікаў.

Таццяна Астроўская лічыць, што гэта своеасаблівая спроба афіцыйнага Мінску дапячы Захаду, але асабліва суседнім з Беларуссю Польшчы і краінам Балтыі: "Як вядома, па выніках Пакта Молатава-Рыбентропа ад 23 жніўня 1939 года і дадатковага сакрэтнага пратакола да яго яны страцілі сваю незалежнасць і панеслі велізарныя ахвяры. Варта памятаць, аднак, што абмеркаванне з нагоды гэтай даты, яе "легітымацыя" у дзяржаўнай прэсе адбываецца ўжо некаторы час (прынамсі з вясны 2019 года). Характэрна, што ролі Савецкай Расіі і Савецкага саюзу і ў раздзеле і ў абʼяднанні тэрыторый, на якіх пражывала этнічнае беларускае насельніцтва, не надаецца асаблівая ўвага".

Рыбентроп і Сталін у Маскве пасля падпісання дамовы пра ненападзенне
Рыбентроп і Сталін у Маскве пасля падпісання дамовы пра ненападзеннеФото: picture-alliance/akg-images

Астроўская таксама кажа, што ў афіцыйным абмеркаванні значэння гэтай даты, напрыклад, у газеце Адміністрацыі прэзідэнта "СБ. Беларусь сегодня" наўмысна змяшчаюцца акцэнты: гаворка ідзе аб нацыянальным і сацыяльным прыгнёце этнічнага беларускага насельніцтва ў міжваеннай Польшчы, але замоўчваецца тэрор і гвалт з боку савецкай дзяржавы ў адносінах да тых жа і іншых этнічных і сацыяльных груп.

Дату 17 верасня ведаюць толькі 18% гараджанаў

Аляксандр Фрыдман адзначае, што цікавасць дзяржпрапаганды да даты 17 верасня справакавалі падзеі, якія адбыліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў і якія ўлады спрабуюць растлумачыць умяшаннем звонку. У той жа час, у саміх беларусаў асаблівай цікавасці да гістарычных тэмаў цяпер няма – іх значна больш хвалюе сучаснасць, акрамя таго, многія нават не ведаюць гэтай даты.

гісторык Аляксандр Фрыдман
Аляксандр ФрыдманФото: Privat

Пацвярджаюць гэта і сацыёлагі. Днямі цэнтр Chatham House прэзентаваў вынікі даследавання грамадскай думкі беларусаў па самых розных пытаннях. У тым ліку, рэспандэнтаў пыталіся і пра Дзень народнага адзінства. Высветлілася, дату 17 верасня ведаюць толькі 18% гараджанаў (сярод іх праводзілася апытанне - Рэд.), на захадзе краіны гэты паказнік больш высокі – каля траціны апытаных, а ў Гомельскай і Магілёўскай вобласцях пра яе не ведае амаль ніхто.

Ці здольны Дзень народнага адзінства абʼяднаць грамадства?

Ігар Мельнікаў таксама адзначае, што пра падзеі 17 верасня людзі ведаюць мала, але, на яго думку, тое, што ўлады абʼявілі дату дзяржаўным святам, прыцягне ўвагу грамадства: "Вядома, разглядаць гэтыя падзеі з савецкага пункту гледжання немэтазгодна, але той, хто захоча, супаставіць савецкі і польскі пункт гледжання, успаміны жыхароў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Я, як гісторык, лічу, што без падзей 17 верасня сёння б не было Беларусі".

"Тэрмін абʼяднанне азначае ўзаемны рух насустрач і адсутнасць прымусу, што ў дадзеным выпадку, вядома, вельмі спрэчна. Ігнаруецца трагедыя тысяч польскіх грамадзян (у тым ліку і этнічных беларусаў), якія сталі ахвярамі гэтага далучэння, не заўважаецца трагедыя беларускага сялянства і інтэлігенцыі, – кажа Таццяна Астроўская. – Наколькі я магу ацаніць, спроба абʼявіць 17 верасня Днём народнага адзінства зʼяўляецца таксама напамінам аб вонкавай пагрозе – акцэнт робіцца на падзеле, які падаецца як вынік умяшання вонкавых сіл".

"Напэўна, калі палітычная сітуацыя ў Беларусі не зменіцца, сёлета Дзень народнага адзінства пышна адсвяткуюць, але пасля сыходу Лукашэнкі ён стане звычайным днём. З такім святам выбудоўванне нармальных стасункаў з суседзямі немагчыма", – рэзюмуе Аляксандр Фрыдман.

Глядзіце таксама: 

Ток-шоу DW "В самую точку" с Тихановской, Халезиным и Хомич

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще