Адмыслова для рубрыкі DW "Беларусь. Перспектывы" Ірына Герасімовіч падзялілася сваімі думкамі пра тое, што цяпер адбываецца з беларусамі і як зрабіць свой пераклад рэчаіснасці ў пошуку адказаў на пытанні. Абмеркаваць яе развагі можна тут - пад адпаведным пастом у Telegram-канале "DW Беларусь".
Грамадства ў крызісе – узрушанае, збянтэжанае, ашаломленае. Нібыта ўсё відавочна, але азіраешся наўкол, прыслухоўваешся – і разумееш, што агульная сітуацыя распадаецца на безліч асобных ды зменлівых. Ці магчыма сабраць іх у агульную карціну? Ці трэба збіраць іх у агульную карціну? Можа быць, наадварот – варта як мага больш уважліва паставіцца да асобных галасоў?
Што гэта было і куды прывядзе
Мы не ведаем сябе такіх, бо ніколі раней нічога падобнага не перажывалі. Так хочацца трывалай глебы пад нагамі. Выразных абрысаў. Адназначнага называння. Хочацца нарэшце дакладна ведаць, што гэта было, як сталася магчымым, куды прывядзе. А даводзіцца рухацца навобмацак, нібы ў непраглядным тумане, вывяраючы кожны крок, кожнае слова, перапытваючы ўласныя пачуцці. То тут, то там з’яўляюцца тлумачэнні, якія нібыта адназначна апісваюць сітуацыю, але рэчаіснасць тут жа іх перакульвае, калі ў аўтараў і прыхільнікаў гэтых тлумачэнняў знаходзяцца сілы і жаданне бачыць рэчаіснасць. Нярэдка дакладныя тлумачэнні падаюцца больш каштоўнымі за рэчаіснасць – і чалавек кідаецца абараняць іх: абцінае адзін за адным шматкі рэчаіснасці, каб тое, што застанецца, дакладна ўклалася ў абраную схему – а рэчаіснасць дыбіцца, разбурае схемы, і вось ужо зноў пульсуе трывога: як жа яно насамрэч? А што, калі гэтага “насамрэч” няма? Прынамсі, аднаго і назаўжды “насамрэч”, як няма, напрыклад, аднаго і назаўжды перакладу пэўнага твора.
Свой пераклад рэчаіснасці
З перакладчыцкага досведу я добра ведаю стан, калі сэнс пакідае адзін бераг, але яшчэ не прыстае да іншага. Час дрыготкі і пералівісты, час няўпэўненасці і трывогі. Дзень у дзень перакладчык прадзіраецца праз тэкст – даволі марудны працэс і далёка не заўжды радасны. Абавязкова трэба быць гатовым пераправерыць і выправіць. Вельмі важную ролю адыгрывае прызнанне абмежаванасці ўласных ведаў. Усведамленне няведання прымушае быць больш пільным. Ці атрымаецца пераклад, будзе вядома толькі па завяршэнні, праз нейкі час, праз рэакцыі чытачоў, якія зноў жа з вялікай верагоднасцю будуць рознымі – але пераклад, якім бы ён ні быў, будзе рэчаіснасцю.
Рэччу, прыдатнай для карыстання, хоць зноў жа не назаўжды, недарма ж кажуць, што кожнае пакаленне павінна мець свой пераклад класічных твораў. А суіснаванне і бясконцае параўнанне розных перакладаў! Перакладчыкі ў сілу сваёй прафесіі ведаюць, што сэнсы і тлумачэнні – надзвычай рухавая і няўстойлівая матэрыя – і гэта не рэлятывізм, а рэалістычнасць. Зрабіць канчатковы пераклад на ўсе часы немагчыма, але гэта не нагода перастаць перакладаць.
Можа быць, акурат у часы крызісу перакладчыцкая мадэль магла б прыдацца і грамадству, і асобнаму чалавеку? Гатоўнасць запаволіцца, прыслухацца, пашукаць, пераправерыць – паспрабаваць знайсці свой адказ на пытанні, якія турбуюць, зрабіць свой пераклад гэтай рэчаіснасці.
Адназначныя і простыя адказы на складаныя пытанні, ды яшчэ калі яны прыходзяць аднекуль звонку – вельмі небяспечныя, каму, як не беларусам, гэта ведаць. Гатовыя адказы аддаляюць чалавека і ад самога сябе, і ад рэчаіснасці, якая заўжды супярэчлівая і шматузроўневая. Калі ўявіць сабе рэчаіснасць арыгіналам, то чым больш будзе яе перакладаў, тым з большай верагоднасцю мы да яе наблізімся.
Менавіта таму, напрыклад, грамадству жыццёва неабходныя літаратары і мастакі, якія рызыкуюць падаваць вельмі індывідуальны пераклад свету, адчужаюць знаёмае, набліжаюць невядомае – трэніруюць позірк, адчуванні і розум, як фізічны рух трэніруе цела. Дзякуючы літаратуры і мастацтву мы практыкуемся быць чалавекам, бачыць, задаваць пытанні і вытрымліваць адказы або іх адсутнасць. Вельмі шкада, калі мастацтва пачынае служыць адной ідэі – гэта як калі б нехта вырашыў, што будзе есці толькі адну нейкую страву: якой бы карыснай гэтыя страва ні была, калі яна адна – будзе шкодна.
Сістэмы больш не працуюць
У вялікай узрушанасці і збянтэжанасці сёння не толькі беларускае грамадства. Пандэмія, катастрофы, папулісцкія рухі ў шмат якіх краінах – усё гэта выразна паказвае, што сістэмы, унутры якіх мы нібыта атабарыліся ў нашай цывілізацыі, знасіліся, перасталі працаваць, іх хібы зрабіліся відавочнымі.
Магчыма, гэта добры момант, каб пачаць выпрацоўваць новыя мадэлі маўлення, якія б кіраваліся не іерархіяй, прабіваннем уласных інтарэсаў, загадамі і трансляцыяй гатовых ведаў, а роўнасцю, дыялогам і супольным пошукам. Мадэлі, калі галоўным у камунікацыі будзе не пераканаць іншага або дыскрэдытаваць яго пазіцыю, а працягваць размаўляць, нават калі зусім не ўдаецца дасягнуць паразумення, прычым размаўляць па-сапраўднаму, а не кругом ды навакол. Працягваць перакладаць сябе для Іншага, а Іншага для сябе. Што можа паслужыць асновай для такога маўлення? Можа быць, усведамленне таго, наколькі мы ўсе роўныя ў сваёй уразлівасці перад абліччам гэтага свету, калі не хаваем гэта за статычнымі перакананнямі і ідэалогіямі, і наколькі звязаныя мы між сабой у гэтай уразлівасці.
Аўтар: Ірына Герасімовіч, перакладчыца мастацкай літаратуры на беларускую мову
Каментар выказвае асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і Deutsche Welle ў цэлым.