1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Лявон Вольскі: Як зменіцца сітуацыя ў Беларусі, мы вернемся

Ірына Ігнацюк
19 сентября 2023 г.

Інтэрв'ю DW з культавым рок-музыкам з Беларусі і лідэрам гурта Volski пра неспакойнае жыццё ў Беларусі, натхненне ў эміграцыі, раскол сярод беларусаў, а таксама пра новыя і старыя песні.

https://p.dw.com/p/4WLTg
Лявон Вольскі
Лявон ВольскіФото: DW

Лявон Вольскі 14 верасня, у свой дзень народзінаў, выпусціў новы альбом Emigranty. Ён аб беларусах, якім прыйшлося з'ехаць з роднай краіны ў апошнія гады. Пра неспакойнае жыццё ў Беларусі, натхненне ў эміграцыі, раскол сярод беларусаў, а таксама пра новыя і старыя песні Вольскага DW паразмаўляла з рок-музыкам падчас беларускага фестывалю Minsk&Minga 8 верасня ў Мюнхене.

DW: Лявон, у адрозненні ад многіх беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць краіну,  вам не прывыкаць быць за мяжой, бо вы і раней часта гастралявалі па свеце, так?

Лявон Вольскі: Можна так сказаць. Але розніца вялікая. Адна справа - ездзіць на канцэрты за мяжу ці нават быць на стыпендыі паўгады за мяжой, але мець магчымасць прыязджаць да хаты, наведваць сваякоў альбо некаторыя мясціны, да якіх ты прывязаны. Іншая сітуацыя, калі там лепей не з'яўляцца, таму што ёсць беларуская латарэя, калі ніхто не ведае, што з табой можа здарыцца. Хоць я ні ў якіх экстрэмістскіх спісах не знаходжуся, але няма ўпэўненасці, што ты пройдзеш мяжу, паедзеш да хаты і ўсё будзе нармальна.

- Вы сумуеце па Беларусі?

- Дзіўнае пытанне. Ясна, што я сумую па некаторых мясцінах, па людзях, з якімі немагчыма сустрэцца. Але досыць неспакойнае было існаванне ў Беларусі ў апошнія трыццаць гадоў - існавалі "чорныя спісы", правесці канцэрты было цяжка альбо нават немагчыма. З 2020-га па 2021 год мы сядзелі ў Беларусі, было вельмі неспакойна. Вяртацца ў гэтую стадыю свайго жыцця не хочацца. Калі выходзіш на лесвічную пляцоўку, каб з сабакам пагуляць, глядзіш, ці няма там якой машыны, і калі падазроныя постаці табе мрояцца ў двары. Гэта накладае адбітак на ўспрыманне той тэрыторыі.

Пра вяртане ў Беларусь

- Як вы сябе зараз адчуваеце ў Еўропе? Гэты страх прайшоў?

- Ён прайшоў. Спачатку мы баяліся паліцыі, шарахаліся ад мікрааўтобусаў. Адчувалася трывожнасць. Але цяпер паціху яно, безумоўна, загойваецца.

- Ці можаце вы сабе ўявіць застацца жыць у Еўропе?

- Калі ўсё будзе складацца так, як складаецца цяпер у Беларусі, то давядзецца заставацца ў Еўропе, безумоўна.

- А калі будзе магчымасць вярнуцца на радзіму?

- Як толькі зменіцца грамадска-палітычная сітуацыя, то адразу мы паедзем на радзіму. Трэба будзе наводзіць парадак, будаваць новую краіну, еўрапейскую, свабодную. Шмат творчых людзей вернецца.

Пра новыя песні

- З тых пор, як вы пакінулі Беларусь, вы шмат новых песень напісалі?

- Цэлы праект "Эмігранты". Гэта з нуля напісаныя песні, іх там больш за 20. Мы зрабілі некалькі кавераў. Запісалі адну песню на ўкраінскай мове, калі пачалася вайна, нам пераклалі нашыя сябры ў Кіеве. Калі вы хочаце спытаць, ці ёсць за мяжой натхненне, то безумоўна, яно прысутнічае. Я заўсёды адчуваў запатрабаванасць, а зараз адчуваю яе, як ніколі раней. Мы не можам на радзіме граць канцэрты, дык хаця б праз інтэрнэт трэба дастукацца да людзей і падтрымаць іх. Таму трэба пісаць увесь час штосьці новае, актуальнае.

- У вас няма адчування, што беларусы раздзяліліся на тых, хто з'ехаў з Беларусі, і на тых, хто застаўся?

- Ёсць такое, безумоўна. Але калі сітуацыя не будзе працягвацца больш за тры, максімум пяць гадоў, то нічога страшнага ў гэтым няма. Потым усе аб'яднаюцца, прыедуць ці будуць рэгулярна прыязджаць. Але калі сітуацыя зацягнецца (чаго мне б вельмі не хацелася), то могуць пачацца праз шмат гадоў незваротныя змены ментальнасці, бо народ вельмі прыціснуты, страшна задушаны, нічога нельга рабіць. Тады будзе, як у Савецкім Саюзе: ёсць эмігранты, а ёсць мясцовае насельніцтва, якое проста не разумее, як па-іншаму жыць, якім убіваюць у галаву, што там усё кепска, жахліва. Людзі не могуць выехаць і паглядзець, што там усё з дакладнасцю наадварот. А пакуль яны ездзяць, то плён прапаганды зводзіцца да пагрэшнасці.

- Шмат культурных дзеячаў з'ехалі з Беларусі. Ці ёсць культурнае развіццё па-за межамі краіны?

- Безумоўна, ёсць. Пісьменнікі пішуць кнігі. Наадварот, мне здаецца, што літаратура зараз у больш актыўным стане, чым была да гэтага. І ёсць спажывец, ёсць людзі, якія актыўна набываюць кнігі. Для музыкаўёсць два цэнтры – Варшава і Вільня. Мы можам сабе дазволіць іграць канцэрты, таму што ўсюды ёсць беларусы. Пішуцца новыя песні, выпускаюцца новыя альбомы. Ёсць нават беларускія студыі ў Польшчы.

Пра культавыя песні

- У вас былі розныя перыяды ў творчасці: "Мроя", "Крамбамбуля", "N.R.M.", "Новае неба"… Вашыя прыхільнікі ведаюць усе вашыя песні, але нават тыя, хто не сачыў за вашай творчасцю, ведаюць вашую песню, якая з'яўляецца нефармальным гімнам Беларусі – "Тры чарапахі". Што для вас гэтая песня?

- Яна так несур'ёзна напісалася. Нешта такое найшло, запісаў. Я нават не ведаў, пра што гэтая песня. Потым, калі прачытаў, зразумеў. Яна была проста адна з альбомных песень. Мне здавалася, што гэта такая песня-жарт з горкім падтэксам. Але народ чым далей, тым усё болей любіў гэтую песню. Падчас пратэстаў яе спявалі ўсе двары. У мяне былі такія перыяды, што мне надакучыла яе іграць. Але гэта прайшло, зараз з задавальненнем яе іграю.

- Вы культавая асоба, на вашых песнях раслі пакаленні. З вашымі песнямі хадзілі на плошчу, многім гэта дапамагала перамагчы свой страх. Вы разумееце, што вы частка беларускай ідэнтычнасці? І ці адчуваеце адказнасць?

- Я некаторую адказнасць, безумоўна, адчуваю. Але разумець, што ты частка беларускай ідэнтычнасці, для творцы, можа, і не варта. Проста трэба рабіць далей сваю справу, не спыняцца, пісаць песні.

Глядзіце таксама: 

Белорусская группа NaviBand в Дюссельдорфе: репортаж DW

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще