Мара Тамковіч: Беларусы будуць асаблівай катэгорыяй гледачоў
11 июня 2024 г.На нью-ёркскім кінафестывалі Tribeca адбылася прэм'ера фільму "Пад шэрым небам", які быў натхнёны рэальнай гісторыяй беларускіх журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Яны былі асуджаныя на два гады калоніі за стрым з "плошчы Перамен" у Мінску пасля гібелі Рамана Бандарэнкі. Кацярыну Андрэеву ў калоніі абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве", і суд прызначыў ёй яшчэ восем год калоніі.
Перад прэм'ерай фільму "Пад шэрым небам" DW паразмаўляла з аўтаркай сцэнару і рэжысёркаю Марай Тамковіч.
"Натхнёны сапраўднай гісторыяй"
Deutsche Welle: Пра што для вас гэты фільм?
Мара Тамковіч: Парадаксальна, але пра надзею, пра тое, дзе можна гэтую надзею шукаць у нашыя няпростыя часы.
- Фільм зняты на падставе рэальных падзеяў...
- Натхнёны сапраўднай гісторыяй, так.
- А канкрэтна гісторыяй Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія вялі стрым на "плошчы Перамен" пасля гібелі Рамана Бандарэнкі. Цікава, што вы не сталі адыходзіць ад першакрыніцы нават у імёнах - і муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, напрыклад, ператварыўся ў Іллю Ігарава. Чаму вы вырашылі зрабіць гэтую гісторыю ў форме ігравога кіно?
- У мяне не было мэты зрабіць дакументальны рэпартаж пра падзеі ў Беларусі. У мяне была мэта стварыць гісторыю двух асобаў. Для мяне гэта гісторыя больш пра Лену, галоўную гераіню, і ейнага мужа Іллю. Маёй мэтай было зразумець і перажыць разам з героямі - якія натхнёныя сапраўднымі людзьмі, але тым не менш гэта ўсё ж такі мастацкія героі мастацкага твора - канкрэтную сітуацыю. Сітуацыю, якую мусілі пражываць і рэальныя асобы, але - у значна больш шырокім сэнсе - такога кшталту выбар, такога кшталту цяжкасці, перашкоды перажывалі мы ўсе, большая частка беларусаў. Мне было вельмі важна зразумець менавіта герояў, такую вельмі адзінкавую чалавечую перспектыву перажывання вялікіх палітычных падзеяў.
"Нельга глядзець гэтую стужку як дакументальны запіс"
- Прэм'ера фільму адбываецца ў Нью-Ёрку. А калі яго змогуць паглядзець звычайныя гледачы і дзе?
- Пакуль што мы гэтага не ведаем, пасля фестывалю будзе больш зразумела, якімі будуць наступныя пляцоўкі. Мы цяпер працуем над тым, каб паказваць фільм на фестывальных пляцоўках, і над тым, каб будаваць далей стратэгіі дыстрыбуцыі ў розных краінах.
- Як вы рыхтаваліся да здымак, ці размаўлялі з Ігарам Ільяшом?
- Мы шмат размаўлялі на этапе падрыхтоўкі сцэнара, ён дзяліўся сваёй сапраўднай гісторыяй, выказваў таксама свае каментары да сцэнара па ходзе працы, але з вялікай далікатнасцю і павагай ставіўся да прасторы маёй творчай свабоды, разумеючы, што тая гісторыя і тыя асобы, якіх мы будзем бачыць на экране, натхнёныя іхным лёсам і іхнай гісторыяй, - гэта ўсё ж такі прыдуманыя героі гэтай канкрэтнай стужкі.
З Дашай Чульцовай у нас таксама была важная размова, якая ў выніку дала мне вялікае поле для натхнення, поле, каб зразумець маіх гераінь лепш. Я брала за базу рэальныя падзеі, але абсалютна нельга глядзець гэтую стужку як храналагічны дакументальны летапісны запіс.
Беларусь здымалі ў Варшаве
- Дзе вы знаходзілі лакацыі для фільму? Вам трэба было ўзнавіць пры гэтым Беларусь.
- Мы здымалі ў большасці ў Варшаве і пад Варшавай. Цяжка, з вялікім высілкам, з доўгімі пошукамі, асабліва ў межах нашага абмежаванага бюджэту, але неяк знаходзілі. Штосьці мусілі будаваць, штосьці атрымоўвалася знаходзіць - вельмі трапнае па атмасферы і адчуваннях.
- Вароты Акрэсціна - гэта дзе?
- Гэта былая папраўчая ўстанова для падлеткаў пад Варшавай, ужо зачынены цэнтр, у якім дарэчы было знята шмат сцэнаў, якія ў фільме адбываюцца ў розных месцах, у розных аб'ектах.
- Якім быў бюджэт фільму?
- Адзін мільён злотых, у пераліку на еўра прыкладна 250 тысяч.
- Калі б не было строгіх абмежаванняў бюджэту, што б вы зрабілі па-іншаму?
- Кожнае абмежаванне ў пэўны момант ператвараецца ў падарунак лёсу. У гэтым сэнсе так крыху было і з гэтым фільмам. Пэўныя рашэнні былі прадыктаваны менавіта тым, што нас абмяжоўвае бюджэт, але па выніку, з перспектывы часу, я б гэтых рашэнняў не змяніла. Сэрцы вялікай колькасці людзей былі ў гэта ўкладзеныя, і я думаю, што гэтыя сэрцы кампенсавалі шмат у якіх сітуацыях адсутнасць грошай.
"Кожны беларус гэтую гісторыю перажыў"
- Цікава, як у фільме адлюстраванае двухмоўе. Героі размаўляюць па-беларуску па працы, але ў жыцці, таксама і міжсобку, - па-руску.
- Гэты выбар быў прадыктаваны аб'ектыўнымі абставінамі, то бок гэта ў вельмі невялікім адсотку мастацкі выбар. Гэта хутчэй выбар, які звязаны з тым, што для акторкі, якая выконвала ролю Лены, беларуская мова - не тая мова, якой яна свабодна валодае. І тое ж тычыцца актора, які грае галоўную мужчынскую ролю, ён беларускую мову не ведае ўвогуле, вывучыў для тых сцэнаў, якія грае па-беларуску, фанетычны набор словаў - канкрэтна для гэтай ролі.
Мне было важна, каб беларуская мова прысутнічала ў фільме. Былі такія відавочныя штукі: я не ўяўляю сабе эфіру "Белсату" па-расейску і не ўяўляю сабе суддзяў ці прадстаўнікоў сістэмы, якія паміж сабой размаўляюць па-беларуску. Размовы паміж героямі - гэта была тэхнічная справа, я мусіла ўзважыць сітуацыю, у якой мае акторы будуць змагацца з мовай, якой яны не валодаюць, не адчуваюць у вельмі эмацыйных, складаных сцэнах.
- Я глядзела фільм да фінальных цітраў, там пазначаная асаблівая ўдзячнасць Кацярыне Андрэевай і Ігару Ільяшу. Чаму?
- Таму што яны даверылі нам сваю гісторыю, дазволілі з ёй працаваць і стварыць на яе базе мастацкі твор. Гэта вялікая смеласць, насамрэч, - аддаць камусьці частку свайго перажытага жыцця. Ігар цвердзіць, што таксама так лічыць і Каця: тое, што з імі адбылося, што з ёй адбылося, - гэта не толькі іх асабістая гісторыя, гэта ўжо частка гісторыі, больш шырэйшай за іх асабістае жыццё. Таму яны не маюць такой манаполіі, якую мы маем на сваё прыватнае жыццё.
- Фільм распавядае пра сапраўды гістарычныя падзеі. Здаецца, большасць беларусаў прыкладна ведае, дзе яны былі ў гэты дзень, што рабілі, калі загінуў Раман Бандарэнка. Наколькі гэтая стужка будзе трыгернай для беларусаў?
- Думаю, што будуць розныя рэакцыі, але, калі ты глядзіш рэч, якая звязаная з вельмі балючымі падзеямі ў тваім асабістым жыцці, то, мне падаецца, цяжка заставацца абыякавым. Беларусы будуць вельмі асаблівай катэгорыяй гледачоў гэтага фільму. Амаль кожны беларус, як вы слушна сказалі, гэтую гісторыю перажыў і мае адбітак перажыванняў у сабе. І шмат хто будзе суадносіць тое, што бачыць на экране, з тым адбіткам, які ў сабе трымае. І для кагосьці гэта будзе катарсіс, у кагосьці будзе выклікаць абурэнне, што не супадае: я гэта інакш перажываў. Але мала каго фільм пакіне абыякавым, мне так здаецца. Перад усім таму, што гэтыя падзеі мала каго пакінулі абыякавым.