Асамблея НДА правяла ўстаноўчы сход
9 февраля 2009 г.У мінулыя выходныя ў беларускай сталіцы прайшоў устаноўчы сход Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый, на якім быў зацверджаны статут гэтай асацыяцыі і прыняты іншыя дакументы, неабходныя для атрымання рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.
Як нагадаў у інтэрв’ю Deutsche Welle адзін з заснавальнікаў асацыяцыі Сяргей Мацкевіч, увогуле Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый была створана яшчэ ў 1997 годзе з мэтаю каардынацыі дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, а таксама для таго, каб людзі ў Беларусі хацелі займацца грамадскай дзейнасцю і маглі гэта рабіць.
Памкненне легалізавацца
Па словах Сяргей Мацкевіча, заснавальнікі жадаюць, каб Асацыяцыя дзейнічала афіцыйна, каб яна магла публічна выказваць свае адносіны да тых ці іншых падзеяў грамадскага жыцця краіны, таму і робіцца чарговая спроба рэгістрацыі. Некалькі год таму Асамблея ўжо спрабавала легалізавацца, але тады ў рэгістрацыі асацыяцыі ў Мінюсце было адмоўлена.
Сёння, паводле Мацкевіча, заснавальнікамі Асамблеі з’яўляюцца сем грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх – Беларускі Хельсінскі камітэт, Цэнтр па правах чалавека, Цэнтр "Супольнасць" ды іншыя. "У далейшым, пасля рэгістрацыі, як мы разлічваем, колькасць нашых сябраў павялічыцца", - сказаў Сяргей Мацкевіч, па словах якога, адной з задач Асамблеі будзе лабіраванне інтарэсаў дэмакратычнага грамадскага сектара ў Беларусі. (гк)