1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дэлегацыя ПА АБСЕ правяла шэраг сустрэчаў у Мінску

10 марта 2009 г.

10 сакавіка адбыліся сустрэчы дэлегацыі ПА АБСЕ ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і ў абедзвюх палатах Нацыянальнага сходу. Еўрапейцы перамовілі таксама з лідэрамі палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў.

https://p.dw.com/p/H9MC
Фото: AP

Дэлегацыя Парламенцкай Асамблеі АБСЕ на чале з яе старшынём Жоаа Саарашам 10 сакавіка правяла ў Мінску сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, а таксама са спікерамі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Дэпутаты ПА АБСЕ таксама правялі перамовы з лідэрамі беларускіх палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў.

Паўнапраўны сябра АБСЕ

Першапачаткова планавалася, што дэлегацыя Парламенцкай Асамблеі АБСЕ сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, але гэтага не адбылося з прычыны надта шчыльнага графіка кіраўніка Беларусі.

На сустрэчы з галавой Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем абмяркоўвалася пытанне паглыблення дыялога паміж беларускімі ўладамі і ПА АБСЕ як складнай часткі дыялога з еўрапейскімі структурамі. Уладзімір Макей паведаміў, што беларускія ўлады маюць намер станоўча адказаць на рэкамендацыі БДіПЧ АБСЕ па змяненні Выбарчага кодэкса.

Спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з Саарашам адзначыў, што "Беларусь з’яўляецца паўнапраўным сябрам АБСЕ, заўжды з павагаю ставілася да гэтай арганізацыі, разглядаючы яе як пляцоўку для канструктыўнага абмеркавання пытанняў еўрапейскага супрацоўніцтва і бяспекі". А старшыня Савета Рэспублікі Барыс Батура заявіў, што дэлегацыя Нацыянальнага сходу будзе і надалей плённа супрацоўнічаць з Парламенцкай Асамблеяй АБСЕ, што, па словах Батуры, было пацверджана актыўным удзелам беларускіх парламентароў у зімовай сесіі асамблеі.

Праблемы дэмакратыі

Пад час сустрэчы з лідэрамі палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, па словах намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, абмяркоўвалася становішча з грамадзянскімі свабодамі, з наяўнасцю палітычных вязняў у Беларусі. Вячорка прэзентаваў дэлегацыі ўзгодненыя партыямі і грамадскімі арганізацыямі прыярытэты на выпрабаваўчы перыяд, які прадаставіў беларускаму кіраўніцтву Еўразвяз.

Па словах Вінцука Вячоркі, трэба памятаць, што АБСЕ з’яўляецца, з аднаго боку, структурай, якая павінна бараніць каштоўнасці, а з іншага боку, аб’дноўвае ў сваім складзе надта кантрасныя краіны.

"Там, з аднаго боку, краіны старой еўрапейскай дэмакратыі, а таксама Канада і ЗША, а з другога боку, постсавецкія цэнтральнаазіяцкія дыктатуры, таму паводле каштоўнаснай аднароднасці яе нельга параўноўваць з тым жа Еўрапейскім Звязам", - падкрэсліў палітык.

Але паколькі адным з мандатаў АБСЕ ёсць сачэнне за выбарамі, іх адпаведнасці стандартам і каштоўнасцям, то, паводле Вячоркі, вельмі важна было б гэтай арганізацыі, каб зберагаць сваю рэпутацыю, дбаць пра аднолькавасць гэтых стандартаў і голасна заяўляць пра іх парушэнне.

Па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэя Бастунца, на сустрэчы з дэлегацыяй ПА АБСЕ ўздымаліся і праблемы распаўсюду прэсы, адмоваў у акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ, увогуле доступу да інфармацыі ды іншыя.

"Галоўная выснова такая, што немагчыма казаць пра дыялог, калі ў краіне няма сапраўднай платформы для гэтага дыялога, калі канстытуцыйнае права грамадзянаў на выказванне абмяжоўваецца, і СМІ не могуць выступіць у поўнай меры сродкам рэалізацыі гэтых канстытуцыйных правоў грамадзянаў", - адзначыў намеснік кіраўніка БАЖ.

Семінар па інвестыцыях

11 сакавіка з удзелам Жоаа Саараша адбудзецца семінар па пытаннях прыцягнення ў Беларусь інвестыцыяў. Па словах спікера Савета Рэспублікі Барыса Батуры, гэтае мерапрыемства пазітыўна паўздзейнічае на супрацу з еўрапейскімі парламентарамі ў як у эканамічнай, так і ў іншых сферах. У сваю чаргу, старшыня Парламенцкай Асамблеі АБСЕ адзначыў важнасць таго, што гэты семінар пройдзе ў Беларусі менавіта ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу.

Але дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (БІСІ) Віталь Сіліцкі мяркуе, што пытанні інвестыцыяў з Нацыянальным сходам Беларусі абмяркоўваць бессэнсоўна, таму што такія пытанні вырашаюцца на ўзроўні прэзідэнта, урада, Нацбанка. "А калі праводзяць з парламентам, то значыцца, трэба неяк завязаць міжпарламенцкае супрацоўніцтва", - лічыць Віталь Сіліцкі. Але канчатковыя высновы, па словах дырэктара БІСІ, можна будзе зрабіць толькі па завяршэнні гэтага семінара.

Дарэчы, Парламенцкая Асамблея АБСЕ разглядае магчымасць прызначэння свайго спецыяльнага прадстаўніка па пытаннях пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Жоаа Саараш паведаміў журналістам, што гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася пад час яго сустрэчы з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Редактор: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще