Дэмсілы звярнуліся з прапановамі да Цэнтрвыбаркаму
31 марта 2008 г.Дэмакратычныя сілы, паводле каардынатара кампаніі “За свабодныя выбары” Віктара Карняенкі, добра ўсведамляюць, што за час да восеньскай кампаніі немагчыма змяніць выбарчае заканадаўства краіны. Таму была створана група экспертаў з прадстаўнікоў розных палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, незалежных юрыстаў, якія больш за месяц працавалі над прапановамі да ЦВК па дэмакратызацыі выбарчага працэсу і практыкі прымянення дзейнага Выбарчага кодэкса.
Тры блокі
Як паведаміў Віктар Карняенка, сутнасць прапановаў дэмсілаў зводзіцца да трох блокаў.
“Першае - партыям, якія ўдзельнічаюць у выбарах, заканадаўства павінна даць хаця б мінімальныя гарантыі ўдзелу ў выбарчых камісіях, у фармаванні выбарчых інструментаў. Другое - некаторыя артыкулы Выбарчага кодэкса не павінны заставацца дэкларацыямі, а павінны выконвацца. І трэцяе, - палітычныя партыі і кандыдаты павінныя мець рэальную магчымасць весці агітацыйную кампанію”.
Сярод прапановаў – забеспячэнне правоў сябраў выбарчых камісіяў пад час падліку галасоў, правоў назіральнікаў, каб яны рэальна маглі сачыць за падвядзеннем вынікаў галасавання і складаннем адпаведных выніковых пратаколаў.
Па словах Віктара Карняенкі, “ёсць такая практыка, калі ніхто галасы і не лічыць, а сябры камісій проста падпісваюць пратаколы. Мы лічым, што такой заганнай практыкі варта пазбавіцца”.
Кандыдаты могуць выйсці з гонкі
“Сённяшняе выбарчае заканадаўства не адпавядае прынцыпам АБСЕ. Зараз можна паспяхова прызначыць сто дзесяць дэпутатаў, а не абраць іх волевыяўленнем грамадзян Беларусі, - адзначае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – Тое, на што пайшлі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, гэта самае мінімальнае, што можа прымусіць АДС у той ці іншай ступені ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Для нас гэта будзе лакмусавая папера. Калі ўлада не ідзе на змены практыкі выкарыстання выбарчага заканадаўства, то гэта азначае, што мы пакідаем за сабою права зняць нашых кандыдатаў за некалькі дзён да галасавання”.
Кіраўнікі АДС, паводле Анатоля Лябедзькі, не выключаюць і варыянту патрабавання змянення старшыні і складу ЦВК пры пэўных абставінах: “Калі спадарыня Ярмошына і іншыя прадстаўнікі Цэнтрвыбаркаму адмовяцца разглядаць гэта, то актуалізуецца патрабаванне, каб Ярмошына і ўвесь склад ЦВК пайшлі ў адстаўку”.
Быць напагатове
На думку першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, цяпер для Аб’яднаных дэмсілаў вельмі важны і фактар часу.
“Мы павінны праўна, кадрава ў кожны момант быць падрыхтаванымі да паўнавартаснай выбарчай і палітычнай сітуацыі. Калі мы сканцэнтруемся толькі на пытаннях заканадаўства, мы рызыкуем уцягнуцца ў бясконцую бадзягу. Але трэба спяшацца, таму што ўжо ўлетку могуць быць абвешчаныя канкрэтныя выбары, створаныя мапы акругаў і гэтак далей”.
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч мяркуе, што ўлады ў сваіх дзеяннях усё роўна будуць змушаныя азірацца на міжнародную супольнасць.
“Як ніколі, сёння, нягледзячы на падзеі 25 сакавіка і два дні пазней беларускай уладзе вельмі важна кантактаваць з Еўропай, наладзіць супрацоўніцтва, атрымаць грошы; яны хацелі б быць у Радзе Еўропы, і гэтак далей, і тут наша каардынацыя дзеянняў з дэмакратычным светам можа быць вельмі эфектыўнай”.
Чаго чакаць ад ЦВК
31 сакавіка прапановы кампаніі “За свабодныя выбары” былі перададзеныя ў Цэнтрвыбаркам. Як заявіў DW-RADIO сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, камісія ў агульна прынятым парадку разгледзіць гэтыя дакументы:
“Ніводзін ліст, які паступае ў Цэнтрвыбаркам, не застаецца без разгляду. Час ад часу нам прыходзяць лісты ад грамадзян, якія прапануюць даволі экзатычныя варыянты рэфармавання дзяржаўнага ладу, змянення Канстытуцыі, выбарчай сістэмы. Хаця парою мы бачым, што там сапраўды больш экзотыкі, чым рэалій, гэтыя лісты таксама не застаюцца без адказу”.
Палітолаг Валеры Карбалевіч скептычна ставіцца да магчымасці станоўчай рэакцыі ЦВК на прапановы кампаніі “За свабодныя выбары” па лібералізацыі выбарчага працэсу.
“Шансаў ніякіх няма. Па-першае, Цэнтрвыбаркам у нас не вырашае такія пытанні, бо гэта палітычнае пытанне, і вырашаецца яно на другім узроўні. Па-другое, паколькі пасля 25 сакавіка пачаўся новы палітычны трэнд, новы віток рэпрэсіяў супраць апазіцыі, то ў такой сітуацыі разлічваць на нейкую лібералізацыю выбарчага працэсу не выпадае”.