ЕГУ плануе змяніць твар
2 апреля 2009 г.Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ) у будучыні мусіць прыняць на навучанне не толькі беларусаў, але і літоўцаў ды грамадзян іншых краін. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс падчас сустрэчы з кіраўніцтвам і са студэнтамі гэтай навучальнай установы.
На думку Кубілюса, выгнаны з Мінску ЕГУ павінен на ўвесь час застацца ў Вільні і нароўні канкураваць з іншымі ўніверсітэтамі Літвы.
Выгнаннік стане канкурэнтам?
Універсітэт у выгнанні не супраць пазбыцца статусу вечнага выгнанніка. Прымаючы высокага госця, кіраўніка літоўскага ўраду, адміністрацыя і студэнты прадэманстравалі вынікі праекту па інтэграцыі беларусаў у літоўскі асяродак – нямала хто са студэнтаў пытанні задаваў і з трыбуны выступаў на дзяржаўнай мове краіны знаходжання.
Рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў падкрэсліў, што студэнты ЕГУ паспяхова інтэгруюцца ў літоўскае і адукацыйнае асяроддзе, добра валодаюць літоўскай мовай.
Са свайго боку, прэм’ер-міністр Літвы заявіў, што ўніверсітэт можа і павінен стаць паўнавартай часткай еўрапейскай і літоўскай сістэмы адукацыі ды на роўных удзельнічаць у канкурэнтнай барацьбе паміж навучальнымі ўстановамі Літвы.
"Калі ваш універсітэт пераможа ў гэтай канкурэнтнай барацьбе, а я ў гэтым перакананы, - паўсур’ёзна, паўжартам казаў Кубілюс, - то прайграе які-небудзь літоўскі універсітэт. Не бачу ніякіх перашкод, каб ваш універсітэт быў адкрыты для самых розных студэнтаў".
Універсітэт для Еўропы
Адзінкавыя выпадкі паступлення небеларускіх грамадзян у ЕГУ ўжо мелі месца. Установа адукацыі імкнецца стаць не столькі беларускім, колькі агульнарэгіянальным універсітэтам, у якім будуць выхоўвацца носьбіты еўрапейскіх каштоўнасцяў, кажа рэктар Анатоль Міхайлаў.
Літва выступае супраць вяртання ЕГУ ў Мінск, вынікае са словаў Андруса Кубілюса: "Я гляджу на назву – еўрапейскі, а не літоўскі ці беларускі гуманітарны універсітэт. А Літва знаходзіцца ў Еўразвязе, Вільня - нават сталіца еўрапейскай культуры. Не аддамо!"
Апошнія словы прэм’ера выклікалі бурлівыя апладысменты залы. На дадзены момант студэнтамі ЕГУ з’яўляюцца каля 2000 чалавек. Большая частка жыве ў Беларусі ды навучаецца завочна або дыстанцыйна. На дзённым аддзяленні навучаецца і пераважна ў Вільні пражывае каля 800 беларусаў.
Аўтар: Вадзім Вілейта
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў