Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку не выпусцілі з Беларусі
4 февраля 2008 г.На памежным пераходзе “Каменны Лог” пасля паўгадзінных телефонных сумоўяў у пашпарт старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзькі беларускія памежнікі паставілі штамп “У выездзе адмоўлена”.
Вось як пракаментаваў “Нямецкай хвалі” ўзніклую сітуацыю сам палітык:
“З аднаго боку, мне шкада беларускую ўладу, якая змагаецца са сваімі апанентамі вось такімі сродкамі. Уся гэтая сітуацыя ўзнікла пасля нашай паездкі ў Вашынгтон, і я думаю, што Аляксандра Рыгоравіча проста “давіць жаба”. Ён за сваю палітычную кар’еру ніколі не будзе там, дзе былі яго апаненты, і ніколі яго не будуць сустракаць на такім узроўні. Права тут няма, тут чыстая палітыка. Я думаю, разумеюць гэта ўсе, пачынаючы з старшыні пагранічных войскаў і заканчваючы міністрамі і тым, хто прымаў гэтае рашэнне. Я думаю, што тут было прынятае, усё ж, персанальнае рашэнне. Я аптыміст, я буду змагацца за свае правы, зафіксаваныя ў Канстытуцыі, якая была “падагнаная” пад Аляксандра Рыгоравіча і дзе гарантавана ўсім грамадзянам свабода на перамяшчэнне. Дзякуй Богу, мяне пакуль яшчэ не трымаюць пад хатнім арыштам, і таму я зараз у Ашмянах сустракаюся са сваімі аднадумцамі, і мы робім сёе-тое для таго, каб інфармацыя ішла да людзей”.
Нагадайма, што напачатку быгучага году лідэр АГП атрымаў уведамленне пра забарону на выезд з Беларусі. Рашэнне прымалася на падставе крымінальнае справы, заведзенай у дачыненні да яго сталічнай пракуратураю. Справа была ўзбуджаная ў 2004 годзе паводле часткі 2 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі” пасля інтэрв’ю палітыка праграме “Зеркало” тэлеканала “Россия” і публікацыі ў газеце “Народная воля” на тэмы ценявога бюджэту і гандлю зброяй. Раней начальнік следчага ўпраўлення мінскай пракуратуры Іваноў, на прыёме ў якога быў Анатоль Лябедзька, заявіў, што не мае прававых падставаў абмяжоўваць перасоўванне кіраўніка АГП.
А 3 лютага з рэйсавага аўтобуса на беларуска-літоўскай мяжы былі знятыя лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч і актывіст гэтае арганізацыі з Салігорску Іван Шыла, якія таксама накіроўваліся ў Вільнюс. Маладзёны нечакана для сябе таксама апынуліся ў так званым “спісе невыязных”.