Лідэры “Маладога Фронту” абвесцілі галадоўку ў турме
8 августа 2008 г.Падрабязнасці падзеяў DW-RADIO паведміла прэс-сакратар “Маладога Фронту” Таццяна Шапуцька:
“Сем чалавек знаходзіліся ў нашым офісе на вуліцы Караля, у прыватнай кватэры, якую мы здымаем. Каля восьмай гадзіны вечара туды пачалі званіць невядомыя людзі. Яны прадставіліся, што яны з міліцыі, і прасілі даць ім прайсці ў кватэру, маўляў, суседзі патэлефанавалі і сказалі, што ў кватэры знаходзіцца труп. Канешне, іх туды ніхто не пусціў. Тады ўжо праз гадзіну амапаўцы выразалі жалезныя дзверы, але там яшчэ былі і драўляныя. Драўляныя яны за пятнаццаць хвілінаў разбілі кувалдаю, здолелі пранікнуць, правялі вобшук, але з тэхнікі нічога не канфіскоўвалі.
Хлопцаў пратрымалі гадзінаў шэсць у РАУСе, абяцалі скласці дадатковыя пратаколы чамусці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але склалі толькі адзін пратакол на Паўла Кур’яновіча. Хлопцаў адвезлі на Акрэсціна на сем сутак, якія яны павінны адбываць за 1-га траўня. Яны абвесцілі галадоўку і прасілі ім нічога не перадаваць апроч вады”.
Удакладнім, што лідэры “Маладога Фронту” былі асуджаныя судом Першамайскага раёну Мінску на сем сутак завочнага арышту за спробу адсвяткаваць Дзень Еўропы ля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе адбывалася “маёўка” афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Паводле словаў Таццяны Шапуцькі, супрацоўнікі міліцыі не хавалі сапраўдных прычынаў затрымання актывістаў арганізацыі.
“Міліцыянты ўвесь час паўтаралі, што яны забралі Зміцера і Артура за тое, што нібыта павінная была адбыцца нейкая акцыя, але “Малады Фронт” ніякую акцыю не планаваў. Яны падавалі заяўку на 10 жніўня правесці з’езд на Плошчы Каліноўскага, ім адмовілі, і тады “Малады Фронт” падаў у суд на Мінгарвыканкам. І зараз міліцыя неафіцыйна тлумачыла арышт тым, што нібыта “Малады Фронт” збіраўся праводзіць 10 жніўня вулічную акцыю на Плошчы Каліноўскага – на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. І яны перад гэтым вырашылі арыштаваць лідэраў”.
На пачатку бягучага году супрацоўнікі праваахоўных органаў таксама “шукалі труп” у кватэры дэмакратычнага актывіста Алеся Атрошчанкава, якога ў выніку асудзілі да адміністратыўнага арышту за брыдкаслоўе ў грамадскім месцы і сканфіскавалі кампутар.