1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека: агляд падзеяў тыдню

16 сентября 2009 г.

Еўразвяз выказвае заклапочанасць разгонам беларускімі ўладамі дэманстрацыі 16 верасня, актывісты дэмсіл скардзяцца ў пракуратуру, Мінгарвыканкам забараніў пікет за беларускую адукацыю, БХД зноў паспрабуе зарэгістравацца.

https://p.dw.com/p/Jh6z
Молоток на столе судьи
Фото: picture-alliance/ dpa

Старшынства Еўрапейскага Саюза выказвае з заклапочанасць разгонам беларускімі ўладамі дэманстрацыі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах 16 верасня, якая была прысвечаная 10-й гадавіне знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Еўразвяз заклікае беларускія ўлады "ўстрымацца ад выкарыстання сілы ў дачыненні мірных дэманстрацый і забяспечыць магчымасць прадстаўнікам незалежных сродкаў масавай інфармацыі выконваць свае задачы без умяшання".

Яшчэ сярод падзеяў тыдню: актывісты беларускага дэмакратычнага руху падалі ў пракуратуру скаргу на дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія збілі людзей пад час вулічнай акцыі пратэсту супраць вучэнняў "Захад-2009". Сталічныя ўлады забаранілі пікет у падтрымку беларускамоўнай адукацыі. Партыя "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" зноў паспрабуе легалізаваць сваю дзейнасць, а дэмакратычны актывіст з Мазыра праз суд дамагаецца кампенсацыі маральнага і фізічнага ўрону ад дзеянняў мясцовага ваенкама.

Скаргі ў пракуратуру

Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху, якіх міліцыянты затрымалі на Кастрычніцкай плошчы Мінску і збілі падчас гвалтоўнага разгону акцыі пратэсту супраць увода расійскіх войсковых падраздзяленняў на тэрыторыю Беларусі ў межах вайсковых вучэнняў "Захад-2009", накіравалі скаргі ў пракуратуру з патрабаваннем зладзіць праверку і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у супрацьпраўных дзеяннях службовых асоб.

Молодежные активисты протестуют в Минске против совместных российско-белорусских маневров на территории страны
Пратэст актывістаў супраць расійска-беларускіх вучэнняўФото: AP

У заявах Максім Сергіец і Аляксей Сянчыла падрабязна апісалі, як 9 верасня міліцыянты і спецназаўцы збівалі каля 20 затрыманых актывістаў наўпрост у спецаўтобусе і потым у РУУС Цэнтральнага раёна сталіцы.

Забаронены пікет

Сталічны гарвыканкам забараніў правядзенне пікета пад лозунгам "Беларускім дзецям - беларускую школу". Падставаю для такога рашэння сталася тое, што акцыя нібыта будзе перашкаджаць руху аўтамабіляў на плошчы Бангалор. Арганізатары планавалі правесці пікетаванне 16 верасня ў парку Дружбы народаў, што ў раёне плошчы Бангалор.

Кіраўнік "Правага альянсу", які выступаў арганізатарам мерапрыемства, Юрась Карэтнікаў паведаміў журналістам, што не разумее фармулёўкі мінскіх уладаў, бо ў парку няма руху транспарту.

Чарговая спроба легалізацыі

Сход нацыянальнай рады партыі БХД вырашыў правесці паўторны ўстаноўчы з'езд партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" 31 кастрычніка. Паводле арганізатараў, форум будзе больш прадстаўнічым параўнальна з лютым 2009 году, бо за гэты перыяд істотна павялічылася колькасць сяброў партыі.

Нагадайма, што Міністэрства юстыцыі не прызнала вынікі мінулага з’езду БХД і адмовіла "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі" у дзяржаўнай рэгістрацыі.

"Апроч рашэння аб правядзенні з’езду нацыянальная рада зацвердзіла фармат і тэрміны акцыі "За незалежнасць!", паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец. Акцыі супраць расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў "Захад-2009", а таксама супраць пранікнення расійскага крымінальнага капіталу ў краіну запланаваныя ад 20 да 27 верасня. Арганізатары мерапрыемстваў таксама выступаюць за правядзенне перапісу насельніцтва краіны на беларускай мове.

diskussion, politische repressionen, teilnehmer, start
Фото: DW / Vadim Vileita

Зыск на ваенкамат

Грамадскі актывіст з Мазыра Павел Наздра звярнуўся з зыскам у раённы суд па кампенсацыю маральнай шкоды. У пазове Наздра адзначае, што ў ліпені бягучага году намеснік раённага ваеннага камісара Юры Пракапенка патрабаваў праз суд прыцягнуць яго да адміністратыўнай адказнасці быццам бы за парушэнне правілаў вайсковага ўліку. Суд справу спыніў, бо не ўбачыў нічога супрацьпраўнага з боку шэрагоўца запасу.

У зыску актывіст падкрэсліў, што сваімі дзеяннямі намеснік ваенкама прычыніў яму маральную шкоду, зняславіў ягоныя гонар і дзелавую рэпутацыю. Павел Наздра патрабуе спагнаць з намесніка ваенкама 2 мільёны рублёў маральнай шкоды, а таксама кампенсаваць выдаткі на судовы працэс.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще