1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека: беларускі акцэнт

22 мая 2009 г.

У Беларусі створана Асацыяцыя палітзняволеных, праваабаронцам адмовілі ў перадачы для вязня Мікалая Аўтуховіча, краіна можа разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне.

https://p.dw.com/p/HvL5
Столкновение милиции с участниками акции протеста в центре Минска
Фота з архівуФото: AP

20 траўня абвешчана пра стварэнне ў Беларусі Асацыяцыі палітычных зняволеных, праваабаронцам не далі магчымасці перадаць пітво і лекі для ваўкавыскага экс-прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які другі месяц галадуе ў следчым ізалятары, а тым часам у краіне не выключаецца магчымасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.

Забаронена перадача для зняволенага

Николай Автухович разговаривает по телефону
Мікалай Аўтуховіч. Фота з архівуФото: Wladimir Osipenko

Ідзе другі месяц галадоўкі пратэсту былога прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца ў следчым ізалятары Міністэрства ўнутраных справаў у Мінску разам са сваімі сябрамі Юрыем Лявонавым і Ўладзімірам Асіпенкам па падазрэнні ў злачынстве, за якое ўжо асуджаныя і адбываюць пакаранне іншыя асобы.

Днямі прадстаўнікі Праваабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна" юрысты Ўладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч па просьбе Мікалая Аўтуховіча спрабавалі перадаць вязню пасылку – ваду, лекі для падтрымання печані, зубную пасту. Яны наведалі шпіталь Міністэрства ўнутраных справаў, дзе былы бізнесовец знаходзіўся ў цяжкім стане. Супрацоўнік установы адмовіўся прыняць перадачу, спаслаўшыся на тое, што правабаронцы не з’яўляюцца блізкімі сваякамі зняволенага.

Між тым, прадстаўнікі "Нашай вясны" сцвярджаюць, што гэтая адмова абсалютна беспадстаўная, паколькі ні закон, ні інструкцыі МУС не прадугледжваюць абмежаванняў сярод асобаў, якія могуць рабіць перадачы. Паводле праваабаронцаў, дадзеная сітуацыя паказвае ўвесь цынізм уладаў, якія спрабуюць зрабіць умовы зняволення яшчэ больш невыноснымі.

Асацыяцыя палітычных вязняў

20 траўня адзін з вядомых у недалёкім мінулым беларускі палітычны зняволены, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі прафесар Аляксандр Казулін абвесціў пра стварэнне Асацыяцыі палітвязняў.

Экс-кандидат в президенты Александр Козулин
Экс-кандыдат ў прэзідэнты Аляксандр КазулінФото: AP

Па словах Казуліна, улады зноў рыхтуюць палітычныя рэпрэсіі, у Беларусі зноў з’явіліся вязні. Прафесар адзначыў, што зараз у краіне рыхтуецца закон, які будзе даваць дадатковыя магчымасці сілавым структурам – КДБ, Міністэрству ўнутраных справаў, Камітэту дзяржкантролю – па затрыманню грамадзян без усялякіх санкцый пракурора. "Зараз мы разумеем, што палітычныя рэпрэсіі будуць працягвацца", - падкрэсліў Аляксандр Казулін.

Сярод тых, хто ўвайшоў у Асацыяцыю палітычных вязняў, - былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір, экс-міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, Юры Хадыка, Віктар Івашкевіч, экс-мэр Мінска Міхаіл Марыніч, экс-дэпутаты Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў і Мікалай Маркевіч, моладзевыя актвісты Андрэй Кім і Артур Фінькевіч, правабаронцы Валеры Шчукін і Кацярына Садоўская і іншыя вядомыя ў Беларусі і па-за яе межамі асобы. Адной з першых задач, якую ставяць перад сабой сябры Асацыяцыі, – дамагчыся вызвалення з-за кратаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі.

Перспектыва мараторыя

Беларусь можа разгледзець пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне, заявіў журналістам 20 траўня намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анатоль Глаз.

Паводле словаў дэпутата, цяпер "можна прапрацаваць заканадаўчыя асновы па ўвядзенні мараторыя на пакаранне смерцю". Анатоль Глаз падкрэсліў, што станоўчае вырашэнне пытання з увядзеннем мараторыя дазволіць наладжваць дыялог з дзяржавамі Еўропы.

Нагадайма, што 15 красавіка 2009 году Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы заклікала Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Рэспубліка застаецца адзінай краінай на кантыненце, дзе дагэтуль выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, а пасля адмены пакарання смерцю Узбекістанам Беларусь засталася апошняй дзяржавай на постсавецкай прасторы, якая прымяняе смяротнае пакаранне.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще