Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня
21 мая 2010 г.У розных рэгіёнах Беларусі адбыліся затрыманні актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", а таксама ператрусы ў офісах і ў кватэрах людзей, якія спрычыніліся да гэтай кампаніі. Лідэры кампаніі пасля трох сутак ізаляцыі выйшлі на волю. Старшыня Еўпарейскага парламента заклікаў афіцыйны Мінск спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да структураў грамадзянскае супольнасці. У Гродна затрыманы распаўсюднік зарэгістраванай недзяржаўнай газеты.
Акрэсцінскія вязні выйшлі на волю
21 траўня ізалятар часовага ўтрымання ў сталічным завулку Акрэсціна пакінулі лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Уладзімір Някляеў, а таксама актывісты гэтае кампаніі галоўны рэдактар газеты "Товариш" Сяргей Вазняк і міжнародны каардынатар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзмітрыеў. Яны былі затрманы супрацоўнікамі спецслужбаў 18 траўня, калі па ўсёй краіне адбыліся ператрусы ў офісах кампаніі, сядзібах іншых дэмакратычных структураў, а таксама на кватэрах актывістаў грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым паўсюдна былі адабраныя кампутары, аргтэхніка, дакументацыя, друкаваная прадукцыя і нават уласныя грошы актывістаў.
Усіх трох арыштантаў паапоўдні пятніцы вывезлі з ізалятара на асобных машынах і высадзілі ў розных раёнах Мінску. У выніку яны былі вымушаныя рознымі спосабамі дабірацца да будынка Ленінскага РУУС сталіцы, дзе іх ужо чакалі дзесяткі людзей - актывістаў кампаніі, сваякоў, журналістаў, проста грамадзянаў.
Нечакана хуткае вызваленне
Па словах Уладзіміра Някляева, ён не разлічваў, што будзе адпушчаны на волю праз трое сутак, але ўлады былі змушаныя вызваліць арыштантаў пад уціскам беларускай і міжнароднай грамадкасці. "Яны не чакалі, шта будзе так падтрыманая праўда, - не Няклаеў-паэт, а менавіта праўда, і за гэта вам проста вялікі дзякуй", - сказаў лідэр кампаніі ля сцен Ленінскага РУУС Мінску.
Уладзімір Някляеў таксама не чакаў такой хуткай рэакцыі ўладаў на дзейнасць кампаніі "Гавары праўду". "Нас саміх нават здзівіла, як дынамічна ўсё пачало развівацца, і было відавочна, што гэта ўдалая кампанія па задуме і па выкананню, таму яе трэба было спыніць", - падкрэсліў грамадскі дзяяч. Вызваленыя актывісты кампаніі запэўнілі, што яе дзейцнасць будзе працягнутая, нягледзячы на ўсе перашкоды з боку ўладаў.
Уражанні ўдзельнікаў падзеяў
А двумя днямі раней пад час адмысловай прэс-канферэнцыі актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” далі сваю ацэнку падзеям, якія адбыліся ў Беларусі 18 траўня. Журналіст Аляксандр Уліцёнак адзначыў, што па хуткасці і арганізаванасці з боку спецслужбаў у дачыненні да грамадзянскай ініцыятывы нічога падобнага ў Беларусі яшчэ не было. "Працуючы ад самага пачатку стварэння незалежнага друку ў Беларусі, я як журналіст упершыню за ўсе гэтыя гады стаў сведкам такой маштабнай, аднамомантавай і ўразлівай акцыі па скасаванні працы арганізацыі, якая, па сутнасці, дзейнічае ўсяго адзін квартал", - падкрэсліў прамоўца.
Аляксандра Уліцёнка падтрымала эксперт кампаніі Святлана Навумава. "Гэты палітычны пагром ёсць не што іншае, як даволі высокая адзнака дзейнасці кампаніі, таму што такой масіраванай акцыі запалохвання і гвалту сапраўды даўно не было", - адзначыла спадарыня Навумава.
Палітыка шантажу
Публіцыст і палітолаг Аляксандр Фядута мяркуе, што, апроч уціску на грамадзянскую супольнасць унутры краіны, зараз ідзе спроба шантажу беларускай уладай заходняй супольнасці, маўляў, альбо вы робіцеся легітыматарам, альбо тут будзе не рэпрэсіўна-таталітарная дзяржава, а сапраўды дыктатура. "Я думаю, што гэта вельмі няўдалы шантаж, і Захад другі раз размаўляць у тых танах, у якіх размаўляў у той час, калі ў турме сядзеў Аляксандр Казулін, не будзе, Захад больш не будзе такім мяккім", - падкрэсліў эксперт.
Па словах Аляксандра Фядуты, адначасова беларускі прэзідэнт паспрабаваў шантажаваць і Расію, маўляў, вось мы возьмем усю апазіцыю і пакажам яе сувязі з Расіяй. Як адзначыў публіцыст, нічога паказаць немагчыма, таму што сувязей з Расіяй няма, але гэта таксама сведчыць пра тое, што і з усходняга боку рэжым адчувае небяспеку. Як падкрэсліў Аляксандр Фядута, тое, што робіць Аляксандр Лукашэнка, дэманструе нават не Захаду, нават не грамадзянскай супольнасці Беларусі, а дзяржаўнаму апарату, апарату беларускіх праваахоўчых органаў, наколькі ён не ўпэўнены ў тым, што будзе заўтра. "Акцыя, якая адбылася 18 траўня, для Лукашэнкі мае значна горшыя наступствы, чым сустрэча з Курманбекам Бакіевым у Мінску", - мяркуе Аляксандр Фядута.
Рэакцыя старшыні Еўрапарламента
Старшыня Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк 19 траўня выступіў з адмысловай заявай, дзе заклікаў беларускія ўлады "неадкладна спыніць рэпрэсіі і пераслед структураў грамадзянскай супольнасці і вярнуцца на шлях дэмакратызацыі". У звязку з “апошнімі паведамленнямі пра рэпрэсіі і пераслед структур грамадзянскай супольнасці” Ежы Бузэк выказаў "сур’ёзную заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі".
Старшыня Еўрапейскага парламента таксама расчараваны ходам кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы, якая "не паказала бачных паляпшэнняў у галіне празрыстасці і выканання дэмакратычных стандартаў". Ежы Бузэк таксама звярнуў увагу на ўзмацненне ціску на недзяржаўныя СМІ. Ежы Бузэк адзначыў, што ў аснове дыялогу Еўрапейскага Саюза і Беларусі палягае шэраг умоваў, асноўнымі з якіх з’яўляюцца рэальны прагрэс у галіне дэмакратыі і выразныя сігналы аб паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека.
Затрыманне за распаўсюд прэсы
Супрацоўнікі міліцыі ў Гродна затрымалі актывіста Аб’яднаанй грамадзянскай партыі (АГП) Зміцера Бандарчука, калі той нёс 200 асобнікаў афіцыйна зарэгістраванай у Міністэрстве інфармацыі Беларусі незялежнай газеты "Новы Час". Асобнікі выдання сябра АГП атрымаў на аўтавакзале і нёс у сваю машыну, прыпаркаваную па вуліцы Будзённага.
Як паведаміў Зміцер Бандарчук, незадоўга да гэтага ён патэлефанаваў знаёмаму і сказаў, што забярэ дасланую "рэч". Тое, што здарылася пасля, як мяркуе сябра АГП, выразна сведчыць пра той факт, што адбываецца татальнае праслухоўванне тэлефонных размоваў грамадска-палітычных актывістаў. Затрыманне Бандарчука здзяйсняла цэлая аператыўная група, якая складалася з амапаўцаў і звычайных міліцыянтаў, а таксама чалавека з відэакамерай.
Пасля афармлення адпаведнага пратаколу супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі ўвесь наклад "Новага часу", не зважаючы нават на тое, што Зміцер Бандарчук меў на руках афіцыйную даведку з пячаткай, выдадзенай рэдакцыяй, дзе было засведчана, што ён з’яўляецца грамадскім распаўсюднікам газеты, якая, між іншым, летась была ўганараваная прэміяй імя Герда Буцэрыюса фонду "Zeit".
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў