1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

4 июня 2010 г.

Газета "Народная воля” атрымала новае папярэджанне Мінінфарму, у Горках затрымалі актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", суд апраўдаў верніка, які ўхіляўся ад вайсковай службы.

https://p.dw.com/p/Nhqk
Символ правосудия - молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла чарговае афіцыйнае папярэджанне незалежнай газеце "Народная воля", супрацоўнікі міліцыі ў Горках затрымалі актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", суд апраўдаў маладога верніка, супраць якога была заведзеная крымінальная справа за ўхіленне ад вайсковай службы.

Папярэджанне “Народнай волі”

Міністэрства інфармацыі Беларусі 31 траўня вынесла чарговае папярэджанне недзяржаўнаму выданню "Народная воля". Пра гэты факт рэдакцыя газеты і журналісты даведаліся толькі 2 чэрвеня. Папярэджанне, падпісанае міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім, выстаўлена за парушэнне артыкула 4 Закона "Аб СМІ", які абавязвае сродкі масавай інфармацыі распаўсюджваць адпаведную рэчаіснасці інфармацыю.

Папярэджанне тычыцца серыі публікацыяў няштатнага аўтара газеты Іллі Копыла "Нябышына. Вайна", якія друкаваліся ў "“Народнай волі" цягам сакавіка бягучага году. Міністэрства інфармацыі, спасылаючыся на заключэнне Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сцвярджае, што шэраг прыведзеных у публікацыях гістарычных звестак не адпавядае рэчаіснасці.

"Народная воля" среди других независимых изданий Беларуси
Папярэджанне "Народнай волі" ёсць спробай псіхалагічнага ціскуФото: Bymedia

Чыноўнікі Мінінфарму лічаць, што публікацыі Копыла дыскрэдытуюць партызанскі рух у Беларусі і дзеянні Чырвонай Арміі у час Вялікай Айчыннай вайны, і што артыкулы сталі "падставаю для правядзення пікетаў, а таксама новых праяваў негатыўнай грамадскай рэакцыі".

Наўмысны ціск

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец лічыць, што існуюць зацікаўленыя асобы, якія ініцыявалі працэс вынясення папярэджання "Народнай волі". Але дзяржава, на думку юрыста, мусіць сыходзіць з прынцыпаў свабоды слова і выказванняў, а не кіравацца прыватнымі поглядамі.

Што тычыцца самога папярэджання, то, як адзначае намеснік старшыні БАЖ, яно мала што мяняе, бо да гэтага выданню цягам году ўжо было вынесена два афіцыйных папярэджання, і Міністэрства інфармацыі пры жаданні ўжо цяпер мае магчымасць у любы момант звярнуцца ў суд. "Зараз гэта, хутчэй, псіхалагічны ціск на рэдакцыю, жаданне трымаць рэдакцыю ў нервовым стане, але ўсё будзе залежаць ад палітычнага рашэння", - упэўнены Андрэй Бастунец.

Гісторыя папярэджанняў "Народнай волі"

Як нагадвае прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, першы раз рэдакцыю "Народнай волі" пісьмова папярэдзілі 17 лістапада 2009 года за артыкул "Не мешай другим отстаивать свободу". Мінінфарм палічыў, што ў артыкуле "утрымліваўся заклік перашкаджаць законнай дзейнасці Цэнтравыбаркаму, а таксама заклік да іншай дзейнасці, якая адносіцца да экстрэмісцкай".

24 студзеня Мінінфарм вынес выданню другое папярэджанне - за распаўсюд нібыта не адпаведнай рэчаіснасці інфармацыі. Нагодай для санкцыі стала нататка ў "Народнай волі" ад 11–14 снежня, у якой рэдакцыя прапаноўвала чытачам пералік гандлёвых кропак "Белсаюздруку" у Мінску, дзе можна на больш выгадных умовах аформіць падпіску на газету. Такая падпіска атрымліваецца танней, чым, напрыклад, праз паштовыя аддзяленні, і "Народная воля" назвала гэтыя ўмовы "ільготным тарыфам". Мінінфарм жа палічыў ужыванне гэтага словазлучэння парушэннем.

Затрыманне актывістаў

Солдат стреляет на учениях
Не ўсялякі беларус жадае трымаць у руках зброюФото: Bymedia

У горадзе Горкі Магілёўскай вобласці 1 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Галіну Будную і Эдуарда Брокарава, калі яны раздавалі балонікі зялёнага колеру на мерапрыемстве, прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

Да ўдзельнікаў кампаніі пад’ехала машына з міліцыянтамі з Горацкага РУУС, якія запратрабавалі ад Брокарава і Буднай, каб тыя прайшлі ў машыну, а потым прывезлі іх у пастарунак. Крыху пазней без усялякіх тлучмачэнняў і складання пратаколаў актывістаў адпусцілі.

Пры адсутнасці крымінальнага злачынства

Цэнтральны раённы суд Гомеля вынес апраўдальны вердыкт у дачыненні да верніка царквы "Сведкі Іеговы" Зміцера Смыка, супраць якога была ўзбуджаная крымінальная справа за ўхіленне ад вайсковай службы. Суддзя Алена Цалкова, скасаваўшы юнаку і падпіску аб нявыездзе, вызначыла, што ў дзеяннях маладзёна адсутнічае склад крымінальнага злачынства. Цяпер рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля цягам дзесяці дзён можа абскардзіць пракуратура.

Справа ў тым, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць праходжання альтэрнатыўнай службы тымі маладымі людзьмі, якія не могуць служыць у войску з рэлігійных ці іншых перакананняў. Але ў краіне адсутнічае адпаведны закон, у выніку чаго юнакоў, якія адмаўляюцца ісці ў армію, прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. Сёлета гэта ўжо не першы выпадак, калі беларускія суды становяцца на бок такіх вось "ухілістаў".

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Вікторыя Зарянка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще