Правы чалавека ў Беларусі: спадзяванні застаюцца спадзяваннямі
5 июня 2009 г.Сябры беларускіх праваабарончых арганізацыяў не могуць паўнавартасна выконваць свае абавязкі, а грамадскім арганізацыям адмаўляюць у рэгістрацыі. Тым часам, нямецкія журналісты ўганаравалі незалежнае беларускае выданне прэміяй.
Няўрадавым арганізацыям адмоўлена ў існаванні
Супольная прэс-канфэрэнцыя заснавальнікаў Грамадскага праваабарончага аб’яднання "Наша вясна" і Асамблеі няўрадачых дээмакратычных арганізацый прайшла 3 чэрвеня ў Мінску. Нагодай для яе правядзення сталі адмовы ў рэгістрацыі гэтых ды іншых грамадскіх аб’яднанняў.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел праваабаронцы, заснавальнікі "Нашай вясны" Алесь Бяляцкі (віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека) і Валянцін Стэфановіч, старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Сяргей Мацкевіч, а таксама палітолаг Юрый Чавусаў.
Валянцін Стэфановіч нагадаў журналістам, што 25 траўня Міністэрства юстыцыі прыняла рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі “Нашай вясны”. Юрыст ахарактарызаваў гэта рашэнне як цалкам нематываванае. На яго думку, адмовы ў рэгістрацыі недзяржаўных арганізацый не толькі парушаюць правы грамадзянаў на асацыяцыю, але яшчэ і абцяжарваюцца артыкулам Крымінальнага кодэксу краіны, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Праваабаронцы вырашылі распачаць кампанію па скасаванню гэтага артыкула, заявіў кіраўнік незарэгістраванай Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч.
Прэмія "Zeit" – беларускаму выданню
Прэмію нямецкага фонда "Zeit" атрымала беларуская недзяржаўная газета "Новы час". Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася ў сталіцы Нарвегіі Осла. Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанны Літвіной, асацыяцыя зацікаўлена ў тым, каб як мага больш незалежных выданняў атрымлівалі прызнанне па-за межамі Беларусі і пачувалі сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасці.
Прэмія фонда "Zeit" з'яўляецца штогадовай, яна прысуджаецца па выніках конкурса сярод журналістаў і СМІ Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі і рэспублік Паўночнага Каўказа, якія ў сваёй працы выступаюць за свабоду слова і ліберальную грамадзянскую супольнасць.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў