1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Спадзяванні незалежных СМІ Беларусі

9 февраля 2009 г.

Сітуацыя з незалежнымі СМІ пакуль застаецца складанай, але кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў спадзяюцца, што змяненне становішча ў краіне станоўча паўплывае і на стан недзяржаўных мас-медыя.

https://p.dw.com/p/GqLl
Фота з архіву
Фота з архіву

Сітуацыя з незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі пакуль застаецца складанай, але кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) спадзяюцца, што змяненне становішча ў краіне з прыкметамі лібералізацыі станоўча адаб’ецца і на стане недзяржаўных СМІ. Пра гэта на прэсканферэнцыі ў панядзелак заявілі старшыня БАЖ Жанна Літвіна і яе намеснік Андрэй Бастунец.

Працэс пайшоў

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец падкрэсліў, што БАЖ не падзяляе аптымістычных выказванняў кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі наконт новага закону "Аб СМІ", які напярэдадні набыў сілу і які, па словах чыноўнікаў, з’яўляецца дэмакратычным і толькі паляпшае ўмовы працы журналістаў у Беларусі.

Па словах Бастунца, БАЖ яшчэ да ўступлення новага закону ў сілу заяўляў, што індыкатарамі гатоўнасці дзяржавы да паляпшэння сітуацыі ў сферы СМІ могуць стаць вяртанне ў дзяржаўную сістэму распаўсюду і ў друкарні ўсіх незалежных друкаваных выданняў, заяўны характар праходжання перарэгістрацыі, дабраахвотны парадак рэгістарцыі інтэрнет-выданняў, а таксама адкрыццё прадстаўніцтваў замежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі і акрэдытацыя журналістаў замежных медыя.

Андрэй Бастунец адзначыў, што два з гэтых пунктаў рэалізаваны: уведзены заяўны прынцып праходжання перарэгістрацыі СМІ, а пытанне рэгістрацыі інтэрнет-выданняў амаль знятае з парадку дня. "Хаця засталася незразумелая норма аб інтэрнет-аналагах традыцыйных СМІ, і мы яшчэ не ведаем, як яна будзе прымяняцца на практыцы, тым не менш, два невялікія крокі ў правільным накірунку ўсё ж зроблены", - сказаў намеснік старшыні БАЖ. Андрэй Бастунец падкрэсліў, што надалей Беларуская асацыяцыя журналістаў будзе весці маніторынг таго, як новы закон "Аб СМІ" будзе выкарыстоўвацца, і якая будзе складвацца правапрымяняльная практыка.

Знакавыя падзеі

Па словах старшыні БАЖ Жанны Літвіной, днямі кіраўніцтва асацыяцыі атрымала афіцыйны ліст з Міністэрства інфармацыі, у якім паведамлялася, што ніякія работы па падрыхтоўцы пастановы ўраду аб рэгуляванні дзейнасці інтэрнет-выданняў не вядуцца. Гэта, на думку Літвіной, ёсць яшчэ адным пацверджаннем таго, што, прынамсі, часова і гэтая праблема знята.

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна
Старшыня БАЖ Жанна ЛітвінаФото: AP

Як адзначыла Жанна Літвіна, сёння ў грамадстве і ў журналісцкай супольнасці адбываюцца вельмі цікавыя і знакавыя падзеі, сведчаннем чаму факт вяртання ў распаўсюд газет "Народная воля" і "Наша ніва", правядзенне двух публічных "круглых сталоў" па пытаннях СМІ, куды былі запрошаны як прадстаўнікі выканаўчай улады, так і яе апаненты, прадстаўнікі грамадскасці, журналісты, а таксама згаданы факт прыпынення памкненняў да рэгулявання інтэрнета і ўвядзенне заяўнага прынцыпу перарэгістрацыі СМІ.

"Усё гэта можна расцэньваць як прыкметы змены палітыкі татальнага кантролю за інфармацыйнай прасторай і за сродкамі масавай інфармацыі ў нашай краіне", - заявіла Жанна Літвіна.

Ключавыя праблемы

Аднак, па словах старшыні БАЖ, застаюцца нявырашанымі ключавыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю журналістаў: не змянілася сама прырода, сам характар манаполіі выканаўчай улады на друкаваныя і электронныя СМІ, на сістэму друку і распаўсюду сродкаў масавай імнфармацыі. "На сённяшні дзень, на жаль, выканаўчая ўлада яшчэ не адмовілася ад успрымання СМІ як часткі кіруючага механізму, не зняла са СМІ прапагандысцкую функцыю", - лічыць Жанна Літвіна.

Старшыня БАЖ мяркуе, што не можа быць ні лібералізацыі, ні дыялогу пад страхам, ва ўмовах несвабоды сродкаў масавай інфармацыі і ва ўмовах, калі няма свабоды выказвання ўдзельнікаў дыялога. Жанна Літвіна падкрэсліла, што ў сённяшняй сітуацыі, звязанай са спробамі лібералізацыі, з крокамі, якія робіць улада насустрач выкананню рэкамендацый, сфармуляваных Еўразвязам, сітуацыя са СМІ – гэта падмурак для любога дыялога, для любой лібералізацыі. "Сёння пасля зняцця праблемы, звязанай з палітзняволенымі ў нашай краіне, сродкі масавай інфармацыі – гэта самы галоўны прыярытэт", - лічыць старшыня БАЖ.

Жанна Літвіна паведаміла, што на гэтым тыдні павінна прайсці першае паседжанне Грамадска-каардынацыйнага савета па сродках масавай інфрмацыі, удзельнічаць у працы якога запрошана і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Паводле Літвіной, БАЖ звярнуўся да Міністэрства інфармацыі з просьбай, каб па завяршэнні паседжання абавязкова адбыўся брыфінг, на якім грамадскасці будзе адкрыта паведамлена пра дзейнасць гэтай новай структуры.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще