1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Беларусі зарэгістраваны Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў

9 марта 2009 г.

Мінюст Беларусі зарэгістраваў грамадскую арганізацыю Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў, якую ачоліў прафесар Іван Нікітчанка. Ці будзе эфектыўнай дзейнасць новай грамадскай структуры?

https://p.dw.com/p/H8dg
Фота з архіва. Чарнобыльская АЭС пасля выбухуФото: AP

Новая грамадская арганізацыя – Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў (ЦПЧІ) – днямі атрымала дзяржаўную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі. Кіраўніком з’яўляецца вядомы спецыяліст у пытаннях ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, прафесар Іван Нікітчанка. Аднак, не ўсе структуры, якія займаюцца чарнобыльскай праблематыкай, выказваюць аптымізм наконт верагоднай эфектыўнасці новай грамадскай структуры.

Задачы новай арганізацыі

Па словах намесніка старшыні Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў Юрася Меляшкевіча, асноўнымі задачамі арганізацыі з’яўляюцца інфармацыйная, практычная і метадычная падтрымка насельніцтва, якое знаходзіцца на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, з мэтаю змяншэння ўзроўню бяспекі тамтэйшага пражывання.

Jahresrückblick April 2006 Ukraine Tschernobyl
Фота з архівуФото: AP

Як адзначае Меляшкевіч, зараз у Беларусі існуе мноства чарнобыльскіх арганізацыяў, якія апошнімі гадамі знаходзяцца ў недзеяздольным стане. Сярод іх ёсць тыя, якія ад пачатку 90-х гадоў займаліся чарнобыльскімі праблемамі, - гэта і Беларускі камітэт "Дзеці Чарнобыля", "Сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль" і іншыя, таму ЦПЧІ будзе дапамагаць гэтым ініцыятывам адраджаць сваю дзейнасць.

Па словах намесніка старшыні цэнтра, працэс рэгістрацыі структуры быў даволі доўгі, Мінюст некалькі разоў адмаўляў у прызнанні новай чарнобыльскай арганізацыі. Гэта, паводле Меляшкевіча, сведчыла, што да апошняга часу чыноўнікі не былі зацікаўленыя ў стварэнні новай чарнобыльскай арганізацыі.

Але цяпер ён упэўнены, што ўлада будзе зацікаўленая ў эфектыўнай дзейнасці новай арганізацыі, бо зараз ні мясцовыя, ні рэспубліканскія ўлады не спраўляюцца з задачамі, якія паставіла чарнобыльская бяда. "Дзяржаўныя праграмы, якія прыняты шмат гадоў таму, так і не зварухнуліся з мёртвай кропкі, таму што няма кантактаў паміж уладай і грамадствам у гэтых пытаннях", - адзначыў Меляшкевіч.

Улады "баяцца палітыкі"?

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, некалькі ранейшых адмоваў Мінюста зарэгістраваць Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў палягаюць у тым, што ўлада вельмі асцярожна ставіцца да арганізацыяў, якія хоць аддалена звязаныя з палітычнымі працэсамі.

Карбалевіч нагадвае, што рэгістрацыя гэтай арганізацыі адбылася адначасова з адмовай Мінюста зарэгістраваць праваабарончае аб’яднанне "Наша вясна". Але ўлады пажадалі паказаць, што ў Беларусі ўсё ж рэгіструюцца грамадскія ініцыятывы. "Логіка такая: вырашылі, што гэтая чарнобыльская арганізацыя менш небяспечная, чым "Наша вясна", - мяркуе аналітык.

Старшыня Беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля" прафесар Генадзь Грушавы падкрэсліў, што такі цэнтр варта было рэгістраваць гадоў дзесяць таму, калі яшчэ не падвоілася колькасць бюракратычных патрабаванняў, звязаных з ажыццяўленнем гуманітарнай дапамогі. "Зараз, калі любы маленькі чыноўнік можа перакрэсліць любую праграму, гэты цэнтр выглядае дэкаратыўным, - упэўнены прафесар Генадзь Грушавы. - Дзяржава, зарэгістравала цэнтр, разумеючы, што ён не зможа нічога змяніць у складзеным статус-кво".

Але заснавальнікі Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў разлічваюць на падтрымку іх дзейнасці як унутры краіны, гэтак і з боку замежных арганізацыяў, якім неабыякавыя праблемы наступстваў чарнобыльскай трагедыі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще