1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Штрафы, адмовы і спадзяванні

5 февраля 2009 г.

На гэтым тыдні да велізарных штрафаў за ўдзел у пікеце асудзілі моладзевых актывістаў, лідэра АГП Анатоля Лябедзьку пакінулі ў статусе невыязнога, а "вясноўцы" атрымалі надзею на дзяржаўную рэгістрацыю.

https://p.dw.com/p/Gnou
Фота з архіву. Беларусь напярэдадні адлегі?Фото: AP

Цягам бягучага тыдня велізарныя грашовыя штрафы за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні атрымалі актывісты дэмакратычнага руху, Генеральная пракуратура пакінула кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку невыязным за межы Беларусі, а заснавальнікаў створанага нядаўна правабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна" на высокім узроўні прынялі ў Міністэрстве юстыцыі.

Мільёны за пікет

3 лютага суд Цэнтральнага раёна Гомеля паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях аштрафаваў на агульную суму больш за 8 мільёнаў рублёў (амаль дзве з паловай тысячы еўра ў эквіваленце) трох мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Некалькі маладзёнаў прайшлі ў той дзень ад абласнога драматычнага тэатра да гомельскага выканкама з шасціметровай расцяжкай "КДБ нас гоніць – Канстытуцыя абароніць?", выказаўшы такім чынам пратэст супраць незаконных звальненняў гомельскіх апазіцыйных актывістаў. Пікет ля выканкаму доўжыўся каля 30 хвілін, пасля чаго супрацоўнікі міліцыі затрымалі маладафронтаўцаў Андруся Цянюту і Васіля Токаранку. Пазней у Цэнтральны РАУС прывезлі і актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Кастуся Жукоўскага, які здымаў адбыванае на відэа.

Невыязны Лябедзька

Weißrussland Wahlen Demonstration der Opposition in Minsk
Беларускія праваабаронцы спадзяюцца на выкананне патрабаванняў ААНФото: Tolochko Viktor / ITAR-TASS

Генеральная пракуратура адмовіла лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолю Лябедзьку ў выключэнні са спісу невыязных за межы Беларусі. Палітык нагадаў, што падставай для ўключэння ў спіс невыязных з краіны стала крымінальная справа, заведзеная супраць яго яшчэ пяць гадоў таму паводле артыкула Крымінальнага кодэкса "Абраза прэзідэнта Беларусі". Справа распачата ў сувязі з інтэрв'ю, якое партыйны лідэр даў журналісту Мікалаю Сванідзэ і праграме "Люстэрка" тэлеканала "Расія".

На свой зварот у Генеральную пракуратуру па пытанні правамернасці абмежавання ў праве на выезд за межы Беларусі Лябедзька атрымаў адказ праз два месяцы, дзе гаворыцца: "Для высвятлення абставін, неабходных для прыняцця абгрунтаванага рашэння па Вашым звароце, у органы пракуратуры Расійскай Федэрацыі быў накіраваны адпаведны запыт. Да гэтага часу адказу на яго няма, што перашкаджае прыняццю рашэння па гэтым пытанні".

Лябедзька заявіў, што не ведае, які запыт быў накіраваны беларускай пракуратурай у пракуратуру Расіі і з чым ён звязаны, бо касета з запісам інтэрв'ю ёсць у матэрыялах справы. "Я прасіў беларускую Генпракуратуру альбо перадаць справу ў суд і судзіць мяне за злачынства, што мне інкрымінуецца, альбо закрыць крымінальную справу. Ні таго, ні другога пакуль не зроблена", - адзначыў лідэр АГП. Палітык мае намер абскардзіць сваё ўключэнне ў спіс часова невыязных у судзе.

Пікетам - не бываць

Глыбоцкі рыйвыканкам (Віцебская вобласць) забараніў правядзенне пікетаў на абарону недзяржаўнай газеты "Вольнае Глыбокае" на гарадскім кірмашы – у месцы распаўсюду адзінага на Віцебшчыне незалежнага выдання.

Актывіст руху "За свабоду" Яраслаў Берніковіч атрымаў ад мясцовых уладаў пісьмовую адмову наконт пікетаў, якія планаваў ладзіць з 11 лютага да 26 сакавіка. Глыбоцкі райвыканкам спаслаўся на ўласную пастанову, згодна з якой праводзіць акцыі на кірмашах нельга: такія мерапрыемствы дазволены толькі на ўскрайку райцэнтра каля будынка раённага Дома культуры, дзе звычайна бывае зусім мала людзей.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька

З надзеяй на рэгістрацыю

4 лютага заснавальнікаў правабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна", устаноўчы сход якога адбыўся 18 студзеня, Алеся Бяляцкага і Таццяну Рэвяку прыняў намеснік міністра юстыцыі Аляксандр Сіман.

Размова праваабаронцаў з чыноўнікам тычылася пытанняў рэгістрацыі "Нашай вясны" і прапановы да Мінюста з боку дэмакратычнай супольнасці аб правядзенні "круглага стала" з абмеркаваннем праблем "трэцяга сектара".

Па словах дзейнага віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, намесніку міністра было паведамлена пра падачу на рэгістрацыю дакументаў аб’яднання. Як адзначыў праваабаронца, сама па сабе сітуацыя ўжо выйшла за рамкі рэгістрацыі проста арганізацыі. Папярэднік цяперашняй арганізацыі праваабарончы цэнтр "Вясна" быў зачынены ўладамі ў 2003 годзе, а спроба паўторнай рэгістрацыі ў 2007 годзе скончылася безвынікова. У тым жа годзе з’явілася рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН пра тое, што ўрад Беларусі мусіць аднавіць рэгістрацыю "Вясны" і кампенсаваць усе панесеныя правабаронцамі страты, але ні першае, ні другое патрабаванне не было выканана.

Паводле Бяляцкага, зараз, калі беларускі ўрад робіць нейкія рухі ў бок Еўразвязу, было вырашана паўтарыць спробу рэгістрацыі, аб чым былі праінфармаваны замежныя партнёры аб’яднання. У выніку патрабаванне рэгістрацыі "Нашай вясны" увайшло ў апошнюю рэзалюцыю Еўрапейскага парламента, а амбасады краін Еўразвязу запэўнілі праваабаронцаў, што гэтае пытанне будзе трымацца пад кантролем.

"Рэгістрацыя "Нашай вясны" будзе пэўным тэстам на тое, ці сапраўды беларускія ўлады збіраюцца хоць што-небудзь рабіць дзеля дэмакратызацыі сітуацыі ў краіне", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще