7 августа 2009 г.
Прэзідэнту Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека не далі беларускую візу, у Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд скаргі "Нашай вясны" на дзеянні Міністэрства юстыцыі, адзін з раённых судоў сталіцы за графіці аштрафаваў моладзевага актывіста на буйную суму, а ў Гарадку адбудзецца суд над лідэрам мясцовай арганізацыі Партыі БНФ за акцыю ў гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Праваабаронца не пусцілі ў Беларусь
Прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн адмоўлена ў атрыманні візы ў беларускім консульстве ў Парыжы. Пад час свайго меркаванага візіту ў Беларусь Сухайр Белхасэн мела намер сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, абмеркаваць сітуацыю з дэмакратызацыяй беларускага грамадства, а таксама ўзяць удзел у слуханнях справы па адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Наша Вясна” у Вярхоўным судзе, якое пачнецца 10 жніўня.
Па словах віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, гэта ўжо не першы выпадак, калі замежным праваабаронцам адмаўляюць у праве наведаць Беларусь. Як адзначае Бяляцкі, беларускія ўлады працівяцца кантактам паміж грамадзянскай супольнасцю, беларускімі правабаронцамі і прадстаўнікамі міжнародных няўрадавых арганізацыяў. Беларускія ўлады проста баяцца правабаронцаў, баяцца ўсяго таго, што звязана з правамі чалавека, бо ведаюць, што ў краіне недэмакратычная сітуацыя, лічыць віцэ-прэзідэнт. "Таму яны ўспрымаюць правабаронцаў як нейкую скрытую пагрозу для ўлады і для свайго іміджа", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Увосень 2007 года Сухайр Белхасэн упершыню наведала Беларусь. Пад час знаходжання ў Мінску яна накіравала афіцыйныя лісты ў Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства юстыцыі ды іншыя дзяржаўныя ўстановы, у якіх прасіла аб сустрэчы з кіраўніцтвам гэтых ведамстваў. Аднак афіцыйныя асобы праігнаравалі яе зварот.
Правабаронцы судзяцца з Мінюстам
Вярхоўны суд Беларусі паведаміў прадстаўнікам Грамадскага праваабарончага аб’яднання "Наша Вясна" новую дату разгляду скаргі праваабаронцаў на адмову Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ядняння. Судовае паседжаннне пачнецца 10 жніўня.
Нагадаем, 25 мая Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА "Наша Вясна". Гэта была трэцяя спроба праваабаронцаў зарэгістраваць аб’яднанне. Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Папярэдняя адмова ў рэгістрацыі, атрыманая 26 лютага бягучага году, была абскарджана ў Вярхоўным судзе. 22 красавіка Вярхоўны суд пакінуў скаргу праваабаронцаў без задавальнення.
Штраф за графіці
За графіці "Не - пастанове №991!" і "Урад - у адстаўку!" актывіст "Маладога фронту" Алег Валатоўскі судом Маскоўскага раёну аштрафаваны на паўтара мільёна рублёў (каля 400 еўра). У дадатак да гэтага маладафронтавец павінен сплаціць 500 тысяч рублёў (каля 130 еўра) кампенсацыі прадпрыемсту жыллёва-камунальнай гаспадаркі "Партызанская".
Па словах юрыста "Маладога фронту" Насты Лойкі, Алег Валатоўскі будзе падаваць апеляцыю на рашэнне раённага суда. Заклік да адстаўкі ўрада на бетоннай пліце такіх грошай не каштуе, лічыць юрыст.
Суд за адзначэнне гадавіны суверэнітэту
13 жніўня ў Гарадку адбудзецца суд над затрыманым 27 ліпеня Леанідам Аўтуховым. Кіраўнік гарадоцкай суполкі Партыі БНФ разам з актывістамі партыі і "Моладзі БНФ" ладзіў традыцыйную акцыю з нагоды абвяшчэння суверэнітэта Беларусі з уздыманнем нацыянальных бел-чырвона-белых сцягоў.
Падчас акцыі міліцыянты затрымалі чатырох чалавек. Леаніда Аўтухова абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянавай вулічнай акцыі. Актывісту ў выпадку прызнання яго вінаватым пагражае буйны грашовы штраф альбо адміністратыўны арышт.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Марына Нікіціч