1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

24 июля 2009 г.

У Беларусі вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд, у кватэры аднаго з дэмакратычных актывістаў адбыўся ператрус, а з войска дэмабілізаваны палітычны прызыўнік.

https://p.dw.com/p/Iwzz
Европейский суд по правам человека, Страсбург
Будынак Еўрапейскага суда па правах чалавека (Стразбур)Фото: picture-alliance/dpa

На гэтым тыдні беларускі суд вынес ужо другі за апошні час смяротны прысуд, у кватэры дэмакратычнага актывіста з Пінску адбыўся ператрус з канфіскацыяй палітычнай літаратуры, а з войска ў тэрміновым парадку дэмабілізавалі аднаго з лідэраў "Моладзі БНФ".

Смяротныя прысуды

Беларускія правабаронцы, па словах сябра рады праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, негатыўна ўспрынялі другі за апошні час смяротны прыгавор, вынесены беларускімі судамі. "Вынікае, што ўлады Еўропе гавораць адно, а самі працягваюць праводзіць тую палітыку, якую яны рабілі раней", - адзначае юрыст.

Symbolbild Hammer im Gerichtssaal
Фото: picture-alliance/ dpa

Валянцін Стэфановіч таксама паведаміў, што ёсць ідэя звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо па працэдуры, калі такі зварот будзе накіраваны, улады павінны прыпыніць усялякія выкананні прысудаў. "Але, памятаючы гісторыю 1998 году, калі такая справа была зробленая, то ўлады наадварот расстралялі асуджаных на смяротнае пакаранне людзей яшчэ хутчэй", - нагадаў праваабаронца.

Ператрус у актывіста

Супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус у кватэры дэмакратычнага актывіста з Пінску Канстанціна Чувака. Прадстаўнікі ўлады прадэманстравалі актывісту санкцыю на вобыск, падпісаную пракурорам.

Як высветлілася, прычынай такіх дзеянняў праваахоўных органаў стала нядаўняя раздача актывістам некалькіх асобнікаў незалежнай "Пінскай газеты" на мясцовым рынку . Па словах праваахоўнікаў, некалькі чалавек нібыта напісалі ў міліцыю заяву, што Канстанцін Чувак распаўсюджваў на рынку палітычную літаратуру.

Міліцыянты канфіскавалі ў актывіста перапіску з чыноўнікамі, судамі, літаратуру палітычнага зместу, дыскі і адвезлі ў Пінскі ГАУС для дачы тлумачэнняў. Сам Канстанцін мяркуе, што нервовая рэакцыя міліцыі і пракуратуры тлумачыцца публікацыяй на першай старонцы "Пінскай газеты" крытычнага артыкула пра пракурораў Пінскага раёну.

"Палітычная" дэмабілізацыя

Днямі з войска быў тэрмінова дэмабілізаваны актывіст арганізацыі "Моладзь БНФ" Зміцер Жалезнічэнка, якога праваабаронцы называюць "першым палітычным прызыўніком" у Беларусі.

Demonstrationen in Minsk
Фото: AP

Нагадайма, што лідэра Гомельскай абласной філіі "Моладзі БНФ" у спешным парадку забралі ў войска пры канцы студзеня мінулага году. Маладзёна, як ён сцвярджае, за палітычную дзейнасць адлічылі з матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, нягледзячы на тое, што ён быў студэнтам-выдатнікам.

Як адзначыў актывіст, датэрмінова яго дэмабілізавалі з той мэтай, каб ягоныя паплечнікі не паспелі арганізаваць яго урачыстую сустрэчу каля кантрольна-прапускнога пункта.

Спагнанне за мову

А тым часам старшыню "Моладзі БНФ" Франаку Вячорку вынеслі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе змяншэння адпачынку за ўвесь перыяд вайсковай службы да пяці сутак толькі за тое, што замест каманды "смирно" на рускай мове ён аддаў загад па-беларуску – "зважай!".

Кіраўніцтва Партыі БНФ, актывістам якой з’яўляецца Франак Вячорка, адзначае, што ўпершыню беларускі вайсковец пакараны за ўжыванне беларускай мовы ў арміі.

Бацькі і аднапартыйцы Франака Вячоркі мяркуюць звярнуцца са зваротам ў пракуратуру, адпаведны зварот будзе накіраваны таксама ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще