Аляксандр Ждановіч: Не хочацца займацца дэкаратыўным тэатрам
25 октября 2023 г.Актор тэатру і кіно Аляксандр Ждановіч у Беларусі найбольш вядомы як Маляваныч. Амаль 20 гадоў ён вёў на тэлебачанні перадачу для дзяцей "Калыханка". Апроч таго, ён шмат год працаваў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага.
Аляксандр Ждановіч вымушаны быў з'ехаць з Беларусі ў Грузію за некалькі дзён да пачатку вайны ва Украіне. Там ён працягвае распавядаць дзеткам казкі на беларускай мове на Youtube-канале "Бэйбус". У шчырым інтэрв'ю для DW ён распавёў пра тое, у якім тэатры хацеў бы цяпер працаваць, што карыснага можа прынесці камунікацыя з дзецьмі і як выхаваць сапраўдных беларусаў.
"Гэта генацыд народу"
DW: Аляксандр, сумуеце па Беларусі?
Аляксандр Ждановіч: Сумую, канешне, калі шчыра. Сумую па дзецях, якіх не бачыў два гады, па сябрах... Можна з імі перазвоньвацца, нават бачыць у камеры ці перапісвацца, але гэта іншае. Сумую, але стараюся ў гэта не пагружацца. [...] Новае жыццё пачалося, і я стараюся жыць гэтым новым жыццём, застаючыся ў кантэксце таго, што адбываецца ў мяне на радзіме.
- Вялікая колькасць беларусаў была вымушаная пакінуць Беларусь. Як вы думаеце, апроч ўсяго негатыва, ці ёсць у гэтым пазітыў?
- Па сутнасці, гэта генацыд народу. Да гэтага часу не вядомая дакладная лічба, колькі з'ехала. Я думаю, можа быць да паўмільёна. Уяўляеце сабе? І гэта самая актыўная частка грамадзян - маладых, энергічных, са сваім меркаваннем, сваім бачаннем свету, індывідуальных, моцных людзей, якія маглі б столькі карысці прынесці сваёй краіне. Безумоўна, гэта генацыд.
Але ва ўсіх з'явах, напэўна, ёсць нешта пазітыўнае. Тыя людзі, якія цяпер жывуць у Польшчы, Літве, Грузіі, Германіі, могуць набываць новы досвед, браць нешта лепшае і цікавае, што бачаць у гэтых культурах, народах, краінах, узбагачацца. І потым, калі б перамены сталі хуткімі, гэта, безумоўна, было б вельмі станоўча, калі б яны вярнуліся з гэтым досведам і будавалі новую краіну.
"У Аўстраліі ці Антарктыдзе можна рабіць нешта для сваёй краіны"
- Вельмі вялікая частка гэтых людзей з'ехала з маленькімі дзецьмі. Дзеці хутчэй інтэгруюцца ў новае жыццё: ідуць у школу, дзіцячыя садкі. Як вы думаеце, як гэтыя дзеці будуць потым вяртацца дамоў?
- Ня ведаю. Дакладна адно: калі іх бацькі будуць старацца сеяць у іх зернейкі памяці пра радзіму, пра беларускасць, то, безумоўна, раней ці пазней яно дасць свае вынікі. Я разумею, што шмат хто ўвогуле не вернецца, напэўна, фізічна - але спадзяюся, што ўсё роўна ментальна, душой яны будуць заставацца беларусамі і нешта рабіць на карысць Беларусі.
Кожны на сваім месцы - дзе б ні знаходзіўся - у Аўстраліі ці Антарктыдзе - калі ён памятае, што беларус, і нешта хоча зрабіць для сваёй краіны, ён знойдзе магчымасць зрабіць нейкую каштоўнасць, нешта добрае.
- Вы не думаеце вярнуцца ў тэатр?
- Я не загадваю. Я трапіў у Тбілісі, там ёсць рускамоўны тэатр імя Грыбаедава. Канешне ж, лагічная думка была пайсці туды працаваць. Але потым зразумеў, што мне проста ня хочацца займацца дэкаратыўным, музейным тэатрам. Калі разломваецца твой свет, калі ў цябе на радзіме адбываецца па сутнасці рэпрэсіўнае знішчэнне, калі ідзе вайна ва Украіне - па сутнасці, вайна двух жыццёвых каштоўнасцей, - калі ламаюцца сотні тысяч лёсаў тваіх суграмадзян, то проста займацца ўмоўным культурніцкім праектам мне не захацелася.
Вось тое, што робяць, напрыклад, беларусы Польшчы - Купалаўцы ці іншыя праекты - вось гэта тэатр, ён жывы, ён рэагуе на тое, што адбываецца. Яму цяжка матэрыяльна, цяжка даходзіць да свайго гледача, таму што гэта звязана з пошукам пляцовак для рэпетыцый, спектакляў, таму што гэта тэатр эмігрантаў.
І паколькі беларусаў вельмі шмат, вельмі важна, каб было такое месца, куды яны могуць прыйсці, бо тэатр - гэта заўсёды месца сілы, якое цэментуе, цэнтруе жыццё эміграцыі, каб яна жыла, не разбуралася. Вельмі важна мець свой тэатр. У такі тэатр я б пайшоў, калі б мяне запрасілі.
"Ратавальная выспа сярод акіяну дарослага абсурду"
- Як вы адбіраеце казкі для канала "Бэйбус"?
- Усе казкі на беларускай мове, зразумела. Неабавязкова беларускіх аўтараў, хаця большасць аўтараў - беларусы. Па якім прынцыпе? Каб падабалася, канешне, каб адгукалася ўнутры. Мне дапамагаюць мае калегі. Вельмі важна, каб тое, што ты робіш, падабалася табе самому. Тады гэта выплёскваецца і туды, за камеру. Крытэрый такі: каб казка была не занудная. Я люблю і філасофскія, глыбокія казкі - як у Андэрсана, Кіплінга, Караткевіча, але мне вельмі падабаюцца, напрыклад, і казкі Пятро Васючэнкі.
- У вас ёсць любімая казка?
- Гэта як дзеці: ці можна сказаць, што гэты дзіцёнак самы любімы, а гэты меней? Усе дзеці любімыя. Хтосьці падабаецца, бо на цябе больш падобны, хтосьці - наадварот, што на цябе не падобны, іншы. Так і з казкамі.
- Вы сябе памятаеце маленькім?
- Вельмі добра. Цяпер, у немаладым - мякка кажучы - узросце, вымушана памяняўшы цалкам сваё жыццё і трапіўшы ў крыху стрэсавую сітуацыю, калі прыходзіцца жыць нанова, вось гэты досвед дзіцёнка - яны лягчэй адаптуюцца да новага жыцця - можа, дапамагае і мне, таму што ва мне жыве той дзіцёнак.
Увогуле, стасавацца з дзецьмі - гэта такая ратавальная выспа сярод акіяну, мора дарослага абсурду, якому, на жаль, не будзе канца. На жаль, так створаны людзі. А ў дзецях палягае нашая надзея на тое, што чалавек - не зусім згубленая істота.