1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Томас Вайлер: "Зацікавіўся мовай, калі з’ехаў з Беларусі"

24 сентября 2024 г.

Перакладчык з беларускай мовы на нямецкую - пра ўражанні ад Мінску і стаўленне да беларускай літаратуры ў Германіі.

https://p.dw.com/p/4l1Wp
Кніжная паліца
У Германіі мала чытачоў, якія маглі б назваць імя беларускага пісьменніка ці пісьменніцы, лічыць ВайлерФото: Torsten Sukrow/SULUPRESS.DE/picture alliance

Томас Вайлер (Thomas Weiler) - перакладчык з беларускай на нямецкую. Сёлета ён атрымаў прэмію Паўля Цэлана за пераклад рамана "Сабакі Эўропы" Альгерда Бахарэвіча. DW паразмаўляла з ім пра ўзнагароду, а таксама пра тое, як ён упершыню трапіў у Мінск, як зацікавіўся беларускай мовай і вывучаў яе ў Лейпцыгу і як змянілася стаўленне да беларускай літаратуры ў Германіі за апошнія 15 гадоў.

DW: Якім было першае ўраджанне ад Беларусі, калі ты прыехаў туды ў канцы 1990-х працаваць валанцёрам?

Томас Вайлер: Мне давялося сутыкнуцца з тым, што я прыехаў у Мінск з вёскі (дакладней, з зусім маленькага мястэчка). Я павінен быў неяк арыентавацца і зразумець, як жыць ў вялікім горадзе. А яшчэ я ўпершыню апынуўся ў зусім іншым моўным асяроддзі. Калі я даведаўся, што паеду ў Мінск на паўтары гады, то пачаў сам патроху вучыць рускую. Калі я прыехаў у Мінск, ведаў лічбы да ста і валодаў базавым слоўнікавым запасам. Але валоданне лічбамі мне не вельмі дапамагала, таму што ў той час быў разгар інфляцыі, і ўсе ўсё роўна пачыналі лічыць толькі з дзесяці тысяч. Я павінен быў вучыць мову ўжо ў краіне, і гэта адбылося адносна хутка падчас штодзённай працы і майго жыцця там.

Да таго, што ў Беларусі амаль усе размаўляюць па-руску, я быў гатовы. Таму што у нас быў падрыхтоўчы семінар, на якім былыя валанцёры, якія працавалі ў Мінску раней, расказалі нам пра гэта. Да таго ж я ўжо двойчы да гэтага коратка бываў у Беларусі падчас летніх канікул, і таму ўжо ведаў, якая там  моўная сітуацыя. На той момант мяне гэта не здзівіла. Тым не менш, гэта, безумоўна, дзіўная сітуацыя - прыехаць у краіну, дзе ёсць дзве мовы, але адна з іх фактычна прысутнічае толькі вельмі выбарачна.

- Калі ў цябе ўзнікла цікаўнасць да беларускай мовы?

- Па-сапраўднаму я зацікавіўся беларускай мовай толькі тады, калі вярнуўся з Беларусі і зразумеў, што я насамрэч упусціў. Я зразумеў, што цэлую тусоўку, субкультуру, якая вызначала сябе праз беларускую мову, я проста не заўважыў, таму што не знайшоў доступу. Па шчырасці я і не шукаў яго. І я спытаў сябе, як мне туды патрапіць? І што цікава, перашкоды для гэтага былі не такімі вялікімі. То бок, калі ты цікавішся і спрабуеш зазірнуць, паглыбіцца ў гэтую субкультуру, атрымаць больш інфармацыі, то дзверы перад табою адчыняюцца і ты можаш хутка ўвайсці ў кантакт з вялікай колькасцю людзей.

Што мяне, безумоўна, прыцягнула, дык гэта жаданне зазірнуць пад паверхню. Паверхня была безумоўна рускай. Але заўсёды былі месцы ў Мінску, дзе з'яўлялася беларуская мова. Некаторыя людзі, з якімі мы кантактавалі, пастаянна гаварылі па-беларуску, у тым ліку і з намі, нямецкімі валанцёрамі. Нам было цяжка іх разумець, бо нам таксама даводзілася змагацца з рускай. І чамусьці, я думаю, мяне гэта ўсхвалявала, калі я пабачыў, што ёсць яшчэ нейкі іншы свет, які амаль невядомы звонку. Гэта была такая вельмі закрытая субкультура. Не ведаю, ці правільны гэта тэрмін, але гэта такі самадастатковы асобны свет, і менавіта гэта мяне зацікавіла і я захацеў з ім пазнаёміцца.

- Як ты вывучаў беларускую мову і літаратуру?

- Калі вярнуўся ў Германію, пачаў сачыць за навінамі з Беларусі, не толькі палітычнымі. Я пачаў сачыць, якія выходзяць тэксты. Іх было не асабліва шмат. Але тыя, што выходзілі, я вывучаў. А потым на кніжных кірмашах сустракаў некалькі беларускіх аўтараў, і на адным з кірмашоў я пазнаёміўся з Альгердам Бахарэвічам. Я шмат часу правёў у інтэрнэце, шукаў, якія ёсць выдаўцы, што за тэксты, і параўнальна хутка зарыентаваўся.

Я вывучаў пераклад на рускую і польскую, і таму ўжо ведаў дзве суседнія славянскія мовы. А потым я праслухаў тыя нешматлікія курсы па беларускай мове, якія былі ва універсытэце Лейпцыгу. Хутка і даволі добра навучыўся чытаць. Але размаўляць, вядома, складаней, ў мяне мала магчымасцяў размаўляць па-беларуску. Вось чаму я заўсёды вагаюся гэта рабіць. 

Альгерд Бахарэвіч
Прэмію Паўля Цэлана Вайлер атрымаў за пераклад рамана “Сабакі Эўропы” Альгерда Бахарэвіча (на фота)Фото: Julia Cimafiejeva

- Як змянілася стаўленне да беларускай літаратуры ў Нямеччыне за той час, які ты ёй займаешся?

- У Германіі мала чытачоў, якія маглі б назваць імя беларускага пісьменніка ці пісьменніцы. Многія ведаюць Святлану Алексіевіч, але яе неабавязкова асацыююць з беларускай літаратурай, хутчэй яе ўспрымаюць як аўтара, які піша па-руску. Але калі толькі паглядзець на назвы твораў, якія былі перакладзены з таго часу, то можна сказаць, што шмат чаго адбылося. Калі я пачынаў заёмацца гэтай тэмай, было вельмі мала перакладаў з беларускай мовы на нямецкую. Было некалькі важных анталогій з часоў ГДР, але іх ужо не было ў продажы, таму што некаторых выдавецтваў ужо не існавала. У той час выйшаў невялікі, але важны твор "Горад сонца" Артура Клінава, які выдаў Suhrkamp. Потым першы том вершаў Вальжыны Морт. І гэта бадай ўсё, больш перакладаў сучасных твораў не было. А цяпер шмат розных выдавецтваў у Германіі, у Аўстрыі, у Швейцарыі, якія перакладалі беларускіх аўтараў, і я лічу, што гэта відавочны крок наперад, з якім мы можам працягваць працаваць. Думаю, што сітуацыя цяпер значна іншая, чым 15 гадоў таму.

- Ты атрымаў прэмію Паўля Цэлана за пераклад рамана "Сабакі Эўропы" Альгерда Бахарэвіча. Наколькі важна было атрымаць ўзнагароду менавіта за гэтую працу?

- Я быў вельмі шчаслівы, што гэта адбылося менавіта з гэтай працай. Я вельмі доўга працаваў над гэтым тэкстам, які вельмі вялікі і вельмі важны як для аўтара, так і для мяне. Я думаю, што гэта самы вялікі пераклад, які я да гэтага часу прэзентаваў, і ў яго было ўкладзена шмат, шмат думак і сіл. А таксама ён ствараўся ў той час, калі шмат што адбывалася. Пакуль я працаваў над перакладам, у Беларусі адбылася мірная рэвалюцыя, пачаліся рэпрэсіі, з’явіліся палітвязні, было вялікае расійскае ўварванне ва Украіну. І для мяне гэта ўсё - у гэтым тэксце. Таму для мяне гэта вельмі важны твор, і мне тым больш прыемна атрымаць гэтае прызнанне.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще