Беларуская моладзь за прафесійнае войска
30 января 2009 г.Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці і незалежныя юрысты звязваюць забор у войска лідэраў апазіцыйных моладзевых арганізацый з запланаванымі акціямі апазіціі. А ваенкаматы адмаўляюцца каментаваць свае дзеянні пад час прызыўной кампаніі, якая завяршаецца 31 студзеня.
"Адсякаюць" лідэраў?
Моладзевае крыло Партыі БНФ за апошнія паўгода пазбавілася двух кіраўнікоў: улетку ў войска ў тэрміновым парадку забралі тагачаснага старшыню "Моладзі БНФ" Алеся Каліту, нягледзячы на праблемы з сэрцам, а зараз гвалтоўна ў вайсковай частцы ў Баранавічах апынуўся цяперашні лідэр арганізацыі Франак Вячорка.
Двух лідэраў гэтымі днямі пазбавіўся і "Малады фронт". Сілаю ў вайсковую частку дастаўлены намеснік старшыні арганізацыі Іван Шыла, а адзін з лідэраў сталічных маладафронтаўцаў Зміцер Федарук, які днямі быў арыштаваны на дзесяць сутак, ужо пасля арышту дастаўляўся на прызыўную камісію. І гэта нягледзячы на тое, што пазалетась маладзён быў асуджаны паводле артыкула 193 Крымінальнага кодэкса Беларусі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Паводле беларускага заканадаўства, асобы, асуджаныя па крымінальных артыкулах, не могуць быць прызваныя ў войска, аднак для Федарука, навучэнца дзённага аддзялення багаслоўскага каледжа, відаць, будзе зроблена выключэнне.
За прафесійнае войска
Пры ўзніклых абставінах дэмакратычныя моладзевыя структуры абвесцілі кампанію "За прафесійнае войска". Як адзначыў намеснік старшыні "Моладзі БНФ" Антон Каліноўскі, у рамках гэтай кампаніі яго арганізацыя "будзе змагацца за кожнага актывіста, які патрапіў пад палітычны прызыў".
Паводле Антона Каліноўскага, актывісты маюць намер звяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб ім патлумачылі, чаму не дзейнічае палажэнне Канстытуцыі пра магчымасць альтэрнатыўнай службы, чаму фальсіфікуюцца дыягназы.
Адзін з лідэраў "Маладых дэмакратаў" Міхаіл Пашкевіч паведаміў, што ў планах "Моладзі БНФ", "Маладых дэмакратаў", у планах Франака Вячоркі, Івана Шылы была шчыльная супраца па стварэнні платформы маладых кандыдатаў на мясцовыя выбары, якія маюць адбыцца пры канцы наступнага года. "Гэтым планам, дзякуючы таму, што зараз адбываецца, відаць, не наканавана збыцца", - падсумаваў Міхаіл Пашкевіч.
Прызываць, каб ізаляваць
Па словах юрыста і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, прызывы моладзевых актывістаў праходзілі з непасрэдным умяшальніцтвам супрацоўнікаў спецслужб, а медычныя абследаванні не выклікаюць даверу, бо яны адбываліся ў поўнай інфармацыйнай блакадзе, а іх вынікі не даводзіліся ні тым, хто абследаваўся, ні іх прадстаўнікам.
"Тое, што адбылося з Франакам Вячоркам, Зміцерам Федаруком, Іванам Шылам, раней з Салаўём, Калітом і Жалезнічэнкам з’яўляецца новай формай палітычных рэпрэсій, скіраванай на ізаляцыю моладзевых актывістаў, пры чым усё гэта адбываецца з яўным парушэннем дзеючага беларускага заканадаўства", - адзначыў Валянцін Стэфановіч.
Прадстаўнікі ваенных камісарыятаў, якія ажыццяўлялі прызыў названых асоб на тэрміновую службу, пакуль не жадаюць каментаваць свае дзеянні.
Генадзь Канстанцінаў