1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларусь: правы аб’яднанняў і медыяў

25 сентября 2009 г.

Асамблея няўрадавых арганізацыяў адлюстравала ўмовы існавання трэцяга сектару ў Беларусі, а міжнародная місія з прадстаўнікоў журналісцкіх і правабарончых арганізацыяў вывучыла ўмовы дзейнасці мас-медыяў.

https://p.dw.com/p/Jovr
Молоток, который символизирует принятие решения в суде
Фото: picture-alliance/ dpa

Незадоўга да заканчэння вызначанага Еўразвязам выпрабаваўчага тэрміну для беларускіх уладаў Асамблея недзяржаўных дэмакратычных арганізацыяў зрабіла агляд умоваў дзейнасці “трэцяга сектара” ў Беларусі. У гэты ж час у Мінску міжнародная місія, у якую ўваходзілі прадстаўнікі шэрагу журналісцкіх і правабарончых арганізацыяў, знаёмілася з умовамі працы ў краіне журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі.

Брыфінг Асамблеі НДА

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў правяла брыфінг "Прававы стан няўрадавых арганізацыяў у Беларусі". На мерапрыемстве прысутнічалі журналісты, праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, сярод якіх былі паслы Швецыі і Вялікабрытаніі, а таксама рэпрэзентанты Офісу АБСЕ ў Мінску і прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі.

Па словах выканаўчага дырэктара асамблеі Алёны Валынец-Чарняевай, гэтае мерапрыемства адбылося менавіта цяпер таму, што падыходзіць да сканчэння чарговы выпрабаваўчы перыяд, вызначаны беларускім уладам з боку Еўрапейскага Звязу.

Грамадскія аб’яднанні

Выступаючы з дакладам "Практыка рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднанняў у сакавіку – верасні 2009 году", юрыст Асамблеі НДА, палітолаг Юры Чавусаў адзначыў, што менавіта ад сакавіка гэтага году знік прагрэс у пытанні рэгістрацыі грамадскіх арганізацыяў. Па словах Чавусава, у 2009 годзе з адмовамі Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі сутыкаліся правабарончае грамадскае аб’яднанне "Наша вясна", якому двойчы было ўдмоўлена, правабарончае аб’яднанне "Берасцейская вясна", якому ўжо тройчы не дазволілі легалізавацца.

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч на Асамблеі НДА
Лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч на Асамблеі НДАФото: Bymedia

Таксама Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі асацыяцыі "Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў", шэрагу моладзевых арганізацыяў, сярод якіх - "Маладыя сацыял-дэмакраты", моладзевае грамадскае аб’яднанне "Модэс" з Магілёва, "Моладзевы хрысціянска-сацыяльны саюз", грамадскае культурна-асветніцкае аб’яднанне "Спадчына" з Гродна, моладзевае грамадскае аб’яднанне "Новы курс" з Мінску ды іншыя.

З меркавання Юрыя Чавусава, такі "адкат" менавіта ад сакавіка бягучага году пачаўся таму, што, па-першае, меў значэнне графік прыняцця рашэнняў Еўразвязу і прыняццё рашэння аб падаўжэнні рэжыму прыпынення санкцыяў. З іншага боку, адзначае палітолаг, у сакавіку пачалася хваля падачы дакументаў на новую рэгістрацыю шматлікімі арганізацыямі, якія мелі энтузіязм у звязку з рэгістрацыяй руху "За свабоду". "Яны падумалі, што палітыка ўладаў змянілася, але высветлілася, што тут дзяржаўная палітыка не змянілася, а мела месца адно кропкавае рашэнне ў дачыненні да адной канкрэтнай арганізацыі", - падкрэсліў Юры Чавусаў.

Ганебны артыкул

Удзельнікі брыфінгу таксама адзначылі, што ў беларускім заканадаўстве па-ранейшаму застаецца артыкул 193 прым. Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі у выглядзе нават пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

Па словах сябра рады правабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, гэты артыкул з’явіўся ў беларускім крымінальным заканадаўстве акурат перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 году. За гэты час па гэтым артыкуле былі пакараныя 17 чалавек і не было вынесена ніводнага апраўдаўчага прысуду. "Мы лічылі і лічым, што артыкул 193 прым. не адпавядае ані канстытуцыі, ані міжнародным нормам у галіне правоў чалавека, таму ён мусіць быць адменены", - заявіў праваабаронца.

Кіраўнікі правабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Алесь Беляцкі
Кіраўнікі правабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Алесь БеляцкіФото: Bymedia

Грамадзянская супольнасць

Кажучы пра развіццё грамадзянскай супольнасці, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Алег Гулак адзначыў, што ў дзяржавы няма разумення станоўчай ролі грамадзянскай супольнасці ў грамадстве і для самой дзяржавы, адсюль і ўсе праблемы. Паводле кіраўніка БХК, развіццё грамадзянскае супольнасці ёсць адной з найважнейшых умоваў станаўлення Беларусі як дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай дзяржавы. "Гэта адпавядала б і мэтам "Усходняга партнёрства", у якім зараз удзельнічае Беларусь", - лічыць Гулак.

Як мяркуе кіраўнік працоўнай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Сяргей Мацкевіч, беларускія ўлады ўжо прыстасаваліся да сітуацыі, да паводзінаў еўрапейскіх краінаў і зараз перасталі рабіць нават кропкавыя захады па лібералізацыі ўнутрыпалітычнага і грамадскага жыцця ў краіне. Найбліжэйшым часам высновы асамблеі будуць прадстаўлены міжнароднай грамадскасці ў Варшаве.

Медыйная місія

На гэтым тыдні ў Мінску знаходзілася Міжнародная місія журналісцкіх і праваабарончых арганізацыяў, якая вывучала сітуацыю са сродкамі масавай інфармацыі. Сем удзельнікаў місіі прадстаўлялі пятнадцаць арганізацыяў, сярод якіх – Article 19, Civil Rights Defenders (былы Шведскі Хельсінкскі камітэт, прадстаўніцы якога адмовілі ў беларускай візе), дацкі саюз журналістаў, Камітэт абароны журналістаў, Index of Censorship, Еўрапейская федэрацыя журналістаў, Міжнародная федэрацыя журналістаў (МФЖ), Міжнародны ПЕН-цэнтр, Сусветная асацыяцыя газет, Інстытут "Адкрытае грамадства", UNESCO, "Рэпарцёры без межаў", Press Now і іншыя арганізацыі.

Удзельнікі місіі правялі шэраг сустрэчаў як з незалежнымі, так і з дзяржаўнымі беларускімі калегамі, з высокапастаўленымі чыноўнікамі, у тым ліку і з першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч.

Прадстаўнікі Міжнароднай місіі журналісцкіх і праваабарончых арганізацыяў у ходзе прэс-канферэнцыі
Прадстаўнікі Міжнароднай місіі журналісцкіх і праваабарончых арганізацыяўФото: DW

Як распавёў со-дырэктар Міжнароднай федэрацыі журналістаў Марк Грубер, пад час сустрэчы закраналіся пытанні распаўсюду прэсы, доступ да інфармацыі, акрэдытацыя журналістаў і СМІ, рэгуляванне радыёчастот і рэгістрацыя электронных медыяў, а таксама адметнасці заканадаўства, у прыватнасці, новага закона "Аб СМІ", некаторых акртыкулаў Крымінальнага кодэкса, закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму".

Розныя разуменні

Па словах Марка Грубера, Наталля Пяткевіч прызнала, што сітуацыя, хоць марудна, але мяняецца, аднак удзельнікам місіі падалося, што спадарыня Пяткевіч не да канца разумее, што існуе непаслядоўнасць у адносінах дзяржавы да медыяў з рознай формай уласнасці.

Што да новага закона "Аб СМІ", то, як падкрэсліў со-дырэктар МФЖ, міжнародныя арганізацыі крытыкавалі яго палажэнні яшчэ да яго прыняцця, але Наталля Пяткевіч заявіла, што ніякіх праблем з законам няма. "Але нам падаецца важным не тое, як прымяняюцца альбо не прымяняюцца тыя ці іншыя яго палажэнні, а тое, што яны ўвогуле існуюць у гэтым законе", - адзначыў Марк Грубер.

Вынікам працы місіі стане сумесная заява яе ўдзельнікаў, а таксама даклад, які будзе прэзентаваны 16 кастрычніка ў Стакгольме – у сталіцы Швецыі, якая цяпер старшынюе ў Еўразвязе.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще