Еўрапейскія механізмы супраць рэпрэсіяў у Беларусі
13 апреля 2009 г.Беларускія праваабаронцы з удзелам замежных экспертаў пачалі распрацоўваць закон аб рэабілітацыі ахвяр рэпрэсіяў. На думку еўрапейцаў, сама наяўнасць такога законапраекту можа паспрыяць паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, асабліва ва ўмовах распачатай рэінтэграцыі Беларусі ў еўрапейскія структуры.
Змагацца з сістэмай трэба сістэмна
Удзельнікі "круглага стала" пад назвай "Механізмы пераадолення палітычных рэпрэсіяў у Беларусі", што прайшоў на базе Дома правоў чалавека ў Вільні, засведчылі, што ў Беларусі па-ранейшаму ёсць палітзняволеныя, а таксама нявырашанае пытанне аб знікненні апазіцыйных палітыкаў і падаўленні палітычных і эканамічных свабодаў.
Аднак у новых умовах змагацца з гэтай праблемай трэба больш сістэмна, мяркуе старшыня Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсіяў Ігар Леднік. На ягоную думку, ў Беларусі вельмі востра стаіць пытанне аб незалежнасці судовай улады, у тым ліку і ў плане эканомікі. Леднік нагадаў, што ў мінулым ён займаўся бізнесам ды на ўласным прыкладзе зазнаў незаконны пераслед з карыслівых інтарэсаў кіроўнага клану.
Сумесна з міжнароднымі экспертамі праваабаронцы з Беларусі плануюць распрацаваць законапраект аб рэабілітацыі ахвяр рэпрэсіяў, а таксама аб люстрацыі іх выканаўцаў. За базу бярэцца міжнароднае права. Ігар Леднік сцвярджае, што прыняць такі закон парламент Беларусі зможа толькі пасля сістэмных зменаў, але карысны ён можа быць ужо сёння, каб ахвяры рэпрэсіяў і выканаўцы бачылі перспектыву – што іх чакае.
Правы чалавека як надзейная зброя для бяспекі асобы
Падчас віленскага "круглага стала" беларусаў, якія будуць каардынаваць распрацоўку антырэпрэсійнага закона, кансультаваў эксперт па прававых формах рэабілітацыі з Чэхіі Пётр Уль. Ён сам у мінулым - палітычны вязень чэхаславацкіх турмаў, а пазней дэпутат парламенту.
Чэшскі эксперт бачыць і іншыя шляхі да паляпшэння становішча правоў чалавека ў Беларусі, асабліва, калі краіна будзе імкнуцца да атрымання статусу чальца Рады Еўропы. Пётр Уль падкрэсліў, што калі Беларусь ратыфікуе Еўрапейскую Канвенцыю правоў чалавека, грамадзяне Беларусі набудуць права звярнуцца ў суд у Страсбургу.
"Гэта практычная зброя для ўсіх, бо тады беларуская дзяржава будзе змушаная на свабоду слова, сходаў, аб’яднанняў, у адваротным выпадку ёй давядзецца плаціць штраф і сутыкнуцца з міжнародным асуджэннем", - зазначыў Уль.
Аўтар: Вадзім Вілейта
Рэдактар: Марына Нікіціч