Правы чалавека ў Беларусі: агляд тыдня
12 июня 2009 г.Былы прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які больш за 50 дзён працягвае галадоўку ў мінскім СІЗА, страціў больш за 25 кілаграмаў вагі. У некаторых гарадах краіны за акцыі салідарнасці з ім да буйных штрафаў прыгавораны актывісты дэмакратычнага моладзевага руху. Прадстаўнікі Рады Еўропы спадзяюцца на найхутчэйшае ўвядзенне ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне, што можа наблізіць Мінск да ўступлення ў гэтую міжнародную арганізацыю.
Стан вязня пагаршаецца
Мікалай Аўтуховіч, былы прадпрымальнік з Ваўкавыску, які разам з сябрамі Юрыем Лявонавым і Ўладзімірам Асіпенкам чатыры месяцы знаходзіцца ў сталічным следчым ізалятары, ужо больш за 50 дзён трымае галадоўку пратэсту.
Па словах адваката вязня Паўла Сапелкі, за час гэтай пратэстнай акцыі вязень страціў больш за 25 кілаграмаў вагі, стан яго здароўя пагаршаецца. Днямі Аўтуховіча ў СІЗА наведаў кіраўнік Офісу АБСЕ ў Мінску пасол Ханс-Ёхен Шмідт.
Штрафы за акцыі салідарнасці
10 чэрвеня суд Ленінскага раёна Мінска аштрафаваў актывістаў кампаніі "Еўрапейская Беларусь" за акцыю салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам. Алег Ладуцька і Максім Вінярскі аштрафаваныя на суму, эквівалентную амаль 300 еўра, а Паліна Дзьякава – у пераліку на 200 еўра.
Напярэдадні моладзевыя актывісты падышлі да будынку Адміністрацыі прэзідэнта і разгарнулі расцяжку "Лукашэнка, вызвалі Аўтуховіча!". Супрацоўнікі міліцыі затрымалі маладзёнаў, спачатку адвезлі ў пастарунак, а потым у суд. Непаўнагадовую затрыманую Кацярыну Людвік адпусцілі.
У той жа дзень адміністратыўная камісія Асіповіцкага райвыканкама аштрафавала фігуранта леташняга "Працэса чатырнаццаці" Арцёма Дубскага на 25 базавых велічыняў - больш за 200 еўра ў пераліку. Маладзёна затрымалі 10 траўня і абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў надпіс "Свабоду Аўтуховічу" на адным з будынкаў. Гэтую адміністратыўную справу перадалі на разгляд адміністратыўнай камісіі райвыканкама. Сябры камісіі пагадзіліся з абвінавачаннем міліцыянтаў і пакаралі Дубскага штрафам.
Суд над актывістам
Суд над яшчэ адным фігурантам "Працэсу чатырнаццаці" Максімам Дашуком пачнецца 15 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Актывіста абвінавачваюць у парушэнні ўмоваў адбыцця вынесенага пакарання, у выніку чаго юнаку пагражае зняволенне тэрмінам ад шасці месяцаў да трох гадоў.
У дзень прад’яўлення абвінавачвання, 23 лютага, моладзевы актывіст быў змешчаны ў Мінскі СІЗА, але на наступны дзень пракурор прыняў рашэнне змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Максіма Дашука вязнем сумлення. У адпаведнай заяве арганізацыі яго прозвішча стаіць сярод адзінаццаці фігурантаў "Працэсу чатырнаццаці", якія на цяперашні момант знаходзяцца пад хатнім арыштам і пры самым дробным парушэнні ў любы момант могуць апынуцца ў няволі.
Еўропа заклікае Беларусь
Рада Еўропы спадзяецца на хуткае ўвядзенне ў Беларусі мараторыя на смяротнае пакаранне. Пра гэта 8 чэрвеня заявіла журналістам намесніца Генеральнага сакратара Рады Еўропы Мод дэ Бур-Букікіо, якая знаходзілася ў беларускай сталіцы з нагоды адкрыцця інфармацыйнага пункту гэтай міжнароднай арганізацыі.
"У нас ёсць сігналы з боку беларускага кіраўніцтва аб жаданні далучыцца да еўрапейскай сям’і, і канкрэтным знакам у пацверджанне такога жадання было б увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне", - адзначыла Мод дэ Бур-Букікіо.
Варта нагадаць, што Беларусь застаецца адзінай краінай на кантыненце, у якой смяротнае пакаранне працягвае выкарыстоўвацца ў якасці вышэйшай меры. Хаця, як падкрэсліваюць праваабаронцы, у беларускім заканадаўстве прадугледжана цывілізаваная альтэрнатыва расстрэлу – пажыццёвае зняволенне.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Марына Нікіціч