Правы чалавека ў Беларусі: агляд тыдня
2 октября 2009 г.10 кастрычніка правабаронцы зладзяць пікетаванні супраць смяротнага пакарання, мясцовыя ўлады чыняць перашкоды ў вылучэнні дэлегатаў на Беларускі еўрапейскі форум, а Мінюст абяцае ініцыяваць скасаванне артыкула Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Ці знікне артыкул 193 прым КК?
На гэтым тыдні ў Варшаве ў часе штогадовай канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні праваабаронцы акцэнтавалі ўвагу на праблемах, звязаных з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Прынамсі, яны закранулі праблему катаванняў. А прадстаўнікі афіцыйнага Мінску, якія бралі ўдзел у канферэнцыі, у сваю чаргу заявілі пра намер адмяніць артыкул 193 прым Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
"Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі афіцыйна заявіў, што цяпер Мін’юст разглядае пытанне ўнясення адпаведных зменаў у Крымінальны кодэкс", - паведаміў журналістам кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. Паводле яго словаў, адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі будзе перанесена ў Адміністрацыйны кодэкс.
Пікет супраць смяротнага пакарання
Праваабаронцы з Баранавічаў Сяргей Гоўша, Карней Пятровіч і Віктар Сырыца накіравалі заяву на імя старшыні гарвыканкама пра намер зладзіць 10 кастрычніка пікет супраць смяротнага пакарання. Гэты дзень абвешчаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый усеагульным днём супраць смяротнага пакарання, таму актывісты паспрабуюць прыцягнуць увагу грамадскасці горада і мясцовых уладаў да праблемы гэтага віду пакарання ў Беларусі.
Правабаронцы лічаць, што "смяротнаму пакаранню няма месца ў цывілізаваным ды дэмакратычным грамадстве, заснаваным на вяршынстве права, і пакуль смяротная кара будзе прымяняцца, заўсёды будзе існаваць рызыка пакарання невінаватага чалавека". Нагадайма, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне.
Забароны сходаў
Мастоўскі і Шчучынскі райвыканкамы (Гарадзенская вобласць) не дазволілі правесці сходы па вылучэнню дэлегатаў на Беларускі еўрапейскі форум. Для мастоўскіх актывістаў гэта была ўжо трэцяя адмова з боку ўладаў. Рэгіянальны каардынатар Руху "За Свабоду" у Гарадзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк паведаміў, што заяўкі на правядзенне сходаў ў Мастах і Шчучыне будуць пададзены яшчэ раз.
Варта адзначыць, што ў Гарадзенскай вобласці мясцовыя ўлады яшчэ не далі ніводнага дазволу на правядзенне сходаў па вылучэнню дэлегатаў на Еўрафорум. Раней былі забароненыя сходы ў Зэльве, Слоніме, Ваўкавыску і Бярозаўцы. Правесці Беларускі еўрапейскі форум, ініцыятарам якога выступае Рух "За Свабоду", плануецца 14 лістапада ў Мінску.
Прысяга палітпрызыўніка
Актывіст "Маладога фронту" Яўген Скрабец, якога праваабаронцы лічаць палітычным прызыўніком, прыме прысягу ў вайсковай частцы горада Жлобіна (Гомельская вобласць). На вайсковую службу актывіста забралі 21 верасня.
Нягледзячы на тое, што моладзевы актывіст мае захворванне спіны, паўторная медычная камісія, якая прайшла па запатрабаванню ваенкамата, прызнала юнака прыдатным для тэрміновай вайсковай службы. Як заявіў Яўген Скрабец, вайсковую службу ён будзе весці па-беларуску, як і іншыя актывісты дэмакратычнага моладзевага руху Беларусі.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Редактар: Марына Нікіціч