1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сімвалы пратэсту прызнаюць "нацысцкімі"? Якой будзе рэакцыя

Таццяна Невядомская
1 июля 2021 г.

МУС Беларусі прапануе прыраўняць БЧБ-сцяг і лозунг "Жыве Беларусь!" да "нацысцкіх" сімвалаў. Якой можа быць рэакцыя грамадства? DW спытала пра гэта экспертаў у Беларусі.

https://p.dw.com/p/3vtq0
БЧБ-сцяг стаў у Беларусi ciмвалам пратэстаў
Фото: dpa/picture-alliance

Міністэрства ўнутраных спраў прапануе прыраўняць бел-чырвона-белы сцяг і лозунг "Жыве Беларусь!", якія шырока выкарыстоўваліся падчас акцый пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, да "нацысцкай" сімволікі. Пра гэта на мінулым тыдні паведаміў праўладны Беларускі саюз журналістаў. Па яго звестках, адпаведны праект з пералікам такіх сімвалаў трапіў на ўзгадненне ў камітэт дзяржбяспекі.

Паводле арганізацыі, МУС бачыць у лозунгу "баявы кліч", якія шэраг калабарацыянісцкіх арганізацый выкарыстоўвалі ў гады Другой сусветнай вайны. Пры гэтым лозунг "Жыве Беларусь" да снежня 2020-га года знаходзіўся на першай паласе дзяржаўнай "Народнай газеты". Раней МУС выступіла з ініцыятывай прыраўняць да "нацысцкай" сімволікі бел-чырвона-белы сцяг. Эксперты, з якімі пагутарыла DW, мяркуюць, што гэта рашэнне не будзе спрыяць кансалідацыі беларускага грамадства.

Сацыёлаг: Бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам зменаў

"Даволi  цяжка рэалістычна ацэньваць, якая можа быць рэакцыя, але зразумела, што пасля падзей 2020 года бел-чырвона-белы сцяг стаў не толькі сцягам гістарычным ці сцягам апазіцыі, але і сімвалам для даволі значнай часткі грамадства, якая выступала за змены, за свабоду, супраць гвалту і несправядлівасці", - адзначае метадолаг і сацыёлаг, эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій, праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская.

Таццяна Вадалажская
Таццяна ВадалажскаяФото: privat

На яе думку, калі раней такая забарона проста маргіналізавала б нейкую групу, якая і так лічылася маргінальнай, то зараз гаворка ідзе, як мінімум, пра палову грамадства. Гэта, паводле эксперта, вельмі недарэчны крок, які можа спрыяць радыкалізацыі беларусаў.

"Бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца дарагім і важным нават не для сотняў тысяч, а для мільёнаў беларусаў. Гэта паказалі апошнія падзеі: пахаванне Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні ў 2019 годзе, падзеі 2020 года ў Беларусі", - пацвярджае гісторык Аляксандр Краўцэвіч. Па яго словах, забараніць бел-чырвона-белы сцяг, так як і лозунг "Жыве Беларусь!" сёння проста немагчыма па некалькіх прычынах: "Гэта можна было б паспрабаваць зрабіць у XX стагоддзі ва ўмовах таталітарнай дзяржавы. Дзяржава мела манаполію на інфармацыю, не было інтэрнэта, існавала адзіная сістэма ідэалогіі і прапаганды, бел-чырвона-белы сцяг быў забаронены неафіцыйна ў Савецкім Саюзе".

Аляксандр Краўцэвіч адзначае, што тады звесткі пра гістарычныя сімвалы проста замоўчваліся, у эпоху інтэрнэта гэтага не атрымаецца. Таксама, па яго словах, намаганні па забароне бел-чырвона-белага сцяга падпадаюць пад закон, які тычыцца распальвання сацыяльнай і нацыянальнай варожасці, які самі ж сённяшнія ўлады прынялі.

"Вялікая памылка рэжыму ў тым, што ён супрацьстаіць сцягу, а не прысвойвае гэтыя сімвалы. Гэта аксіёма палітыкі: калі нейкую з’яву немагчыма ліквідаваць, яе трэба ўзяць пад кантроль", - дадае Аляксандр Краўцэвіч.

Гісторык: Змагацца з сімволікай - пройгрышны шлях

Паводле гісторыка Аляксея Шаланды, у дадзеным выпадку пытанне ў характары самой улады: "Савецкая камуністычная ўлада ў рамках сваёй рэпрэсіўнай палітыкі разумела, што змагацца з сімволікай - пройгрышны шлях, таму імкнулася неяк адаптаваць пад свае патрэбы некаторыя хрысціянскія сімвалы. Класічны прыклад - Дзед Мароз і елка. Улады Беларусі больш слабыя, ідэалагічна нематываваныя, навукова нігілістычныя, таму такая істэрычная рэакцыя". Навуковец мяркуе, што забарона нацыянальнай сімволікі сведчыць пра палітычнае, эканамічнае і ідэалагічнае банкруцтва ўладаў.

Аляксандр Краўцэвіч
Аляксандр КраўцэвічФото: privat

"Улада змагаецца з нацыянальнай сімволікай беларусаў, не разумеючы, што немагчыма навязаць ёй нейкі вузкі ідэалагічны маркер па той простай прычыне, што яна значна глыбей, шырэй і старажытней за тое, што ёй імкнуцца інкрымінаваць. Беларуская сімволіка даўно стала народнай, агульнанацыянальнай і такой ужо застанецца да вяртання ёй статуса дзяржаўнай. Спроба забараніць яе на гэтак званым "заканадаўчым" узроўні сведчыць пра поўны правал высілкаў прапагандыстаў, якія імкнуліся неяк яе ачарніць", - адзначае Аляксей Шаланда.

Псіхолаг: Спроба забароны павялічыць каштоўнасць БЧБ-сцяга

"Сама фармулёўка "Жыве Беларусь! "- гэта пра жыццё, забараніць гэты лозунг, па сутнасці забараніць жыць людзям, Беларусі", - кажа псіхолаг, дацэнт факультэту філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Таццяна Сініца. Паводле яе слоў, забарона не дасць жаданага эфекту, нават калі людзі перастануць прамаўляць гэты лозунг, таму што будуць баяцца штрафаў або нейкага іншага пераследу з боку ўладаў, гэта не значыць, што ў іх не будзе нарастаць унутрана абурэнне: "І як толькі з'явіцца магчымасць выгукнуць "Жыве Беларусь!", яны адразу гэта зробяць. У бел-чырвона-белым сцягу можна шукаць нейкія нацысцкія карані, але проста паглядзіце на несвядомае народу, якія ў нас узоры: чырвоныя на белым фоне. Глыбіня, якая ляжыць у несвядомым, у імкненні жыць, як гэта можна забараніць? Вельмі паказальна, як паводзяць сябе дзеці, можна прыйсці ў любы дзіцячы сад і пачуць, як яны крычаць "Жыве Беларусь!". Таццяна Сініца не выключае, што нават калі кагосьці парадуе забарона бел-чырвона-белага сцяга, то забарона лозунгу "Жыве Беларусь!" можа аб'яднаць народ.

Таццяна Сініца
Таццяна СініцаФото: privat

"І колеры, і беларуская мова, усё гэта атрымала дадатковае сімвалічнае значэнне. Думаю, забарона будзе выклікаць раздражненне, напружанне ў грамадстве. Такія крокі наўрад ці паспрыяюць стабілізацыі, калі гэта мэта дзяржавы - зрабіць нешта больш стабільным, прыбраць тое, што раздражняе", - кажа Таццяна Вадалажская.

Паводле Аляксея Шаланды, забарона беларускай нацыянальнай сімволікі ў вачах беларусаў будзе сведчыць толькі пра тое, "што ўлада не беларуская, а значыць не мае будучыні на нашай зямлі". "Спроба забароны павялічыць каштоўнасць БЧБ-сцяга, таму што гэта будзе сцяг, які выпакутавалі. Зараз мільёны людзей гэты сцяг хаваюць, не выстаўляюць, але сам факт, што яны трымаюць яго дома, нават у схованках, яго вартасць павялічвае, тое ж самае і з лозунгам "Жыве Беларусь!", - упэўнены Аляксандр Краўцэвіч.

Глядзiце таксама:

Немецкий бизнес о санкциях против Минска

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще