Адмыслова для рубрыкі DW "Беларусь. Перспектывы" Павел Баркоўскі напісаў пра тое, як палітыка ўлады супраць беларускай культуры і мовы ўплывае на кніжны рынак, і чаму гэта ўсё больш і больш нагадвае кнінацыд. Абмеркаваць яго развагі можна пад адпаведным пастом у Telegram-канале "DW Беларусь".
Стасункі беларускай улады і нацыянальнай культуры ў незалежныя часы мелі доўгую і пакручастую гісторыю дачыненняў. Улада не тое, каб прама адмаўляла тую культуру, але гатовая была яе трываць толькі ў вузка акрэсленых межах. Прыняты ў 1995 г. закон аб двухмоўі дазволіў легальна выцясняць беларускую мову ў культурніцкае гета, разам з нацыянальнымі культурнымі прадуктамі, што на ёй зроблены.
У вялікай ступені гэта адбілася і на кніжнай палітыцы. Кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі і асабліва на беларускай мове, выдаваліся ў дзяржаўных выдавецтвах праз санкцыю міністэрства інфармацыі па дастаткова вузкім сегменце пазіцый. Фальклор і этнаграфія, краязнаўства і кнігі па мастацтву, дзіцячая кніга для маленькіх і класіка беларускага пісьменства. Калі сучасная мастацкая кніга, то пераважна ад членаў праўладнага Саюза пісьменнікаў. Вобмаль перакладаў на беларускую з замежных моў. У той жа час невялікая супольнасць незалежных кніжных выдавецтваў, якія спрабавалі насычаць нацыянальны кніжны рынак запатрабаванымі выданнямі з галіны гісторыі, прыгожага пісьменства ці сучаснай перакладной літаратуры хутчэй выжывалі без усялякай дзяржаўнай падтрымкі.
Кніжны рынак: ад рэжыму ігнаравання да рэжыму рэпрэсій
Але ад рэжыму ігнаравання і простага неспрыяння ўлада цяпер перайшла да папулярнага з 2020 году рэжыму рэпрэсій. І натуральным ворагам для сябе зрабіла незалежны кніжны рынак, нягледзячы на яго і без таго сціплы памер. Толькі за апошні месяц чатыры вядомыя беларускія незалежныя кніжныя выдавецтвы - "Галіяфы", "Медысонт", "Кнігазбор" і "Лімарыюс" - былі пазбаўленыя ліцэнзіі за тэхнічныя парушэнні і адпраўленыя на пераатэстацыю з невядомым вынікам. У мінулым годзе некалькі вядомых недзяржаўных выдавецтваў вымушаныя былі прайсці працэдуру праверкі з боку ДФР, праз што некаторыя рахункі ў іх засталіся заблакаванымі дасюль.
Цяпер жа прапаганда абрынулася на адное з нямногіх паспяховых незалежных выдавецтваў Беларусі - "Янушкевіч". Нявіннае жаданне адчыніць у Мінску кніжную краму, дзе б яе наведнікі маглі набыць кнігу на беларускай мове, прывяло выдаўца ў стан ахвяры інфармацыйнай атакі і сілавых рэпрэсій з боку дзяржавы.
Заснаванае прафесійным гісторыкам Андрэям Янушкевічам, яно працавала з 2014 году. І хаця адпачатку спецыялізавалася на выданні пераважна гістарычнай кнігі, хутка стала адным з самых модных і запамінальных на рынку. Менавіта ў выдавецтве "Янушкевіч" ажыццявілі пераклад і выданне кніг шэрагу сусветна вядомых аўтараў, нобелеўскіх лаўрэатаў. Яму належыць права друку беларускага перакладу вядомай серыі кніг пра "Гары Потэра". Акрамя таго ў выдавецтве друкаваліся многія папулярныя сучасныя беларускія аўтары. Але папулярнасць на рынку і жаданне развівацца нягледзячы на супраціў сістэмы напэўна не па густу цяперашняй уладзе, якая з кожным днём займае ўсё больш адкрыта антынацыянальную пазіцыю.
Палітыка ўлады супраць беларускай культуры, мовы і кнігі
Многія вышэйшыя чыноўнікі і прадстаўнікі сярэдняга звяна, асабліва ў сілавых ведамствах, займаюць адкрыта прарасійскую пазіцыю, ухваляючы прапагандысцкія наратывы суседняй дзяржавы і ўжываючы яе агрэсіўныя сімвалы накшталт георгіеўскай стужкі ці літары Z.
Для іх існаванне незалежнай беларускай гісторыі ці культуры відавочна з’яўляецца хворай тэмай. Таму хаця і называючы сябе прадстаўнікамі беларускай дзяржавы, яны праводзяць выключна анты-беларускую палітыку. Скіраваную супраць нацыянальнай культуры і мовы. І цяпер гэта робіцца куды больш выразна, чым на працягу апошніх дваццаці з нечым год. Фактычна апраўдваючы дыягназ тых, хто называе цяперашні беларускі рэжым акупацыйным.
Бо калі паглядзець, з якой любоўю і ўвагай укладаюцца ў развіццё свайго кніжнага рынку тая ж Польшча і Літва, Україна і Расія, дзе кніжныя выдаўцы атрымліваюць істотную дапамогу незалежна ад формы ўласнасці, робіцца зразумелым, што Беларусь тут далёка на апошніх месцах і - інакш як жаданнем проста задушыць тую сферу – гэта нічым не патлумачыш. Гэта калі нават не казаць пра агульныя выдаткі на культуру ў Беларусі, дзе і наогул смешныя лічбы. Сёння ўлада заняла адкрыта рэпрэсіўную пазіцыю ў дачыненні да кнігі беларускай. Яна забараняе і асуджае тых, хто гэту кнігу выдае. Спрыяе закрыццю незалежных кніжных крам і выкідае тую кнігу з крам дзяржаўных. Фактычна займаецца самым сапраўдным кнігацыдам. А таксама неўзабаве можа з большай сілай абрынуцца і на саміх творцаў.
І толькі ад саміх беларусаў будзе залежыць, хто выйграе ў гэтым змаганні. Улада, якая вырашыла знішчыць усё нацыянальнае пад выглядам нацыяналістычнага, ці незалежная грамадская ініцыятыва. Супрацьстаянне рэжыму цяпер робіцца без вялікага перабольшвання нацыянальна-вызвольнай барацьбой. Больш чытаць самім і купляць кніжак дзецям па-беларуску, падтрымліваць беларускіх аўтараў і кнігавыдаўцоў рублём – вось той мінімальны адказ на дзяржаўны тэрор і нацыянальную пагарду, які можа даць кожны сапраўдны беларус у гэтай сітуацыі.
Аўтар: Павел Баркоўскі - беларускі філосаф, культурніцкі дзеяч, перакладчык. Выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце да 2022 году. Цяпер прафесар Інстытута сацыялогіі і філасофіі ПАН.
Каментар выказвае асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і Deutsche Welle ў цэлым
Глядзіце таксама: