Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня
11 июня 2010 г.Беларускія праваабарончыя арганізацыі прааналізавалі першыя шэсць месяцаў бягучага году ў плане выканання ў краіне правоў чалавека, недзяржаўная газета "Народная воля" 9 мая чэрвеня здолела атрымаць перамогу ў судзе Ленінскага раёна Мінска.
Вынікі паўгоддзя
На спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Мінску 8 чэрвеня беларускія праваабаронцы адзначылі, што з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя з правамі чалавека ў краіне становіцца больш складанай. Паводле прадстаўніка Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, у першыя шэсць месяцаў бягучага году ніякіх пазітыўных пераменаў, дачтычных выканання правоў чалавека, у краіне не адбылося.
Не былі заўважаны змяненні і ў дзейным заканадаўстве, што рэгулюе палітычныя і грамадзянскія правы. Праваабаронцы адзначылі толькі змены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс. Аднак, як падкрэсліў Валянцін Стэфановіч, гэтыя змены не паўплывалі на практыку правядзення апошніх выбараў у мясцовыя саветы, бо гэтая кампанія прынцыпова нічым не адрознівалася ад папярэдніх.
Па словах Стэфановіча, у якасці пазітыву можна прывесці той факт, што паступіла ўказанне прыняць закон аб альтэрнатыўнай службе. Гэтае ўказанне, у сваю чаргу, амаль прыпыніла практыку ўзбуджэння крымінальных справаў датычна асобаў, што адмаўляюцца служыць у войску па рэлігійных ці іншых перакананнях.
Адмоўная дынаміка
Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ў Беларусі назіраецца адмоўная дынаміка сітуацыі з правамі чалавека, асаблівую занепакоенасць праваабаронцаў выклікаюць падзеі апошніх месяцаў. Не стала выключэннем практыка крымінальнага пераследу па палітычных матывах. У якасці прыкладу юрыст прывёў справу актывіста дэмакратычнага руху Алега Сургана, "які стаў ахвярай катаванняў з боку супрацоўнікаў міліцыі і якога пазней абвінавацілі ў тым, што ён укусіў міліцыянта за палец".
Па словах Стэфановіча, прыкладам таму ёсць і крымінальная справа сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленкі, якога абвінавацілі ў хуліганскіх дзеяннях за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй елцы ў Віцебску. Праваабаронцы звярнулі ўвагу і на крымінальны працэс над былымі ваўкавыскімі прадпрымльнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам.
Як падкрэсліў Валянцін Стэфановіч, гэты судовы працэс прайшоў з сур’ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі, звязанымі з палітычнай матывацыяй уладаў, пра што сведчыць запіс на адным з дакументаў, што гэтя справа знаходзіцца на асабістым кантролі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. "Гэта адпавядае паняццю "палітычны вязень", якое сфармулявана Радай Еўропы", - адзначыў прадстаўнік "Вясны".
Расстрэлы працягваюцца
Асабліва беларускія праваабаронцы заклапочаны фактам працягу ў Беларусі выканання смяротных прысудаў. Так, у сакавіку былі расстраляныя Андрэй Жук і Васіль Язэпчук, якіх пакаралі насуперак працэдуры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў № 92, якая была распачата Камітэтам па правах чалавека ААН і пра якую своечасова было паведамлена беларускаму ўраду.
"Гэта прыкры факт, што Беларусь проста дэманстратыўна ігнаруе свае міжнародныя абавязацельствы, якія яна на сябе ўзяла, прызнаўшы кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН", - заявіў Валянцін Стэфановіч. Праваабаронца нагадаў, што ўжо пазней суд Гарадзенскай вобласці вынес яшчэ два смяротныя выракі, якія цяпер абскарджваюцца ў Вярхоўным Судзе Беларусі ў касацыйным парадку.
Юрыст звярнуў увагу таксама на тое, што ў Беларусі ўсё ідзе да вяртання практыкі выкарыстання артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі да двух гадоў пазбаўлення волі.
Па словах старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Алега Гулака, зараз у Беларусі такое становішча і ў такі час, калі сітуацыя з правамі чалавека вельмі моцна палітызаваная. З аднаго боку, гэта вельмі добра, бо гэта гаворыць, што правы чалавека сёння – сур’ёзны, неад’емны чыннік міжнароднай палітыкі, мяркуе юрыст. "З іншага боку, палітызаванасць замінае вырашаць гэтыя праблемы, таму што ўлады бачаць у гэтым пагрозу свайму захаванню, і, такім чынам, гэтая сістэма мяняецца не так хутка, як нам бы таго хацелася", - падкрэсліў кіраўнік БХК.
"Народная воля" перамагла ў судзе
Суд Ленінскага раёна беларускае сталіцы 9 чэрвеня адмовіў у задавальненні зыску прарэктара Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (ГДУ) Сяргея Хамені да недзяржаўнай газеты "Народная воля". Спадар Хаменя патрабаваў спагнаць з незалежнага выдання ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды 95 мільёнаў 500 тысяч беларускіх рублёў (больш за 26500 еўра ў пераліку).
Справа ў тым, што "Народная воля" перадрукавала з сайту грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" артыкул, у якім змяшчаліся звесткі пра заробкі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. У перадрукоўцы апавядалася, што заробак спадара Хамені за 2009 год склаў 130 мільёнаў рублёў, хаця гэтую суму склаў гадавы прыбытак прарэктара ГДУ, які, дарэчы, балатаваўся ў дэпутаты на безальтэрнатыўнай акрузе.
Суддзя Ленінскага раённага суда Мінска Вера Тупік палічыла, што змешчаная ў "Народнай волі" публікацыя не нанесла спадару Хамені ніякага маральнага ўрону.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў