1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

16 октября 2009 г.

БДІПЧ АБСЕ расчараваны высілкамі беларускіх уладаў па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, Мінінфарм не зарэгістраваў незалежнае выданне, а ў рэгіёнах прайшлі суды над дэмакратычнымі актывістамі.

https://p.dw.com/p/K6pv
Фото: picture-alliance/ dpa

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ адзначае адсутнасць жадання ў беларускіх уладаў рэфармаваць выбарчае заканадаўства, Міністэрства інфармацыі адмовілася разглядаць пададзеныя на рэгістрацыю дакументы незалежнага друкаванага выдання па смехаробнай прычыне, а дэмакратычныя актывісты ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях прыгавораны да штрафаў за сваю грамадскую актыўнасць.

Расчараваны БДІПЧ

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ расчаравана адсутнасцю рэальнага жадання з боку беларускіх уладаў дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства. Як адзначыў кіраўнік бюро Яніз Лянарчыч, ніякіх стасункаў з афіцыйным Мінскам з траўня гэтага году ў БДІПЧ АБСЕ не было.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

На гэтым тыдні лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч правялі сустрэчу з кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ. Яны хацелі даведацца пазіцыю бюро адносна магчымых зменаў у выбарчае заканадаўства, якія абяцалі зрабіць беларускія ўлады. Аднак, па словах Анатоля Лябедзькі, высветлілася, што гэтая тэма засталася таямніцай не толькі для апазіцыі, але і для міжнародных экспертаў.

Старшыня АГП адзначыў, што кіраўніцтва БДІПЧ АБСЕ здзіўляе наступны факт: беларускія ўлады на словах кажуць пра сваю вялікую зацікаўленасць у тым, каб наступныя прэзідэнцкія выбары былі прызнаны дэмакратычнымі, але на самой справе нічога не жадаюць рабіць ў гэтым кірунку.

Дзіўныя довады Міністэрства інфармацыі

Міністэрства інфармацыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі недзяржаўнай рэгіянальнай газеце "Магілёўскі час" па прычыне адсутнасці вышэйшай адукацыі ў галоўнай рэдактаркі выдання. Пра гэта ў тэлефоннай гутарцы з рэдактарам выдання Ганнай Ільіной паведаміў супрацоўнік міністэрства Віктар Гурэцкі. Афіцыйнага ліста з Мінінфармацыі журналістка не атрымала.

Einwanderung Symbolbild Menschen auf der Straße Miniquiz Mai 2004
Фото: AP

Як адзначае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) юрыст Андрэй Бастунец, гаворка ідзе нават не аб адмове ў самой рэгістрацыі, а пра тое, што пададзеныя ў Мінінфарм паперы на рэгістрацыю нават не разглядаліся. Да таго ж, па словах юрыста, адмаўляць у разглядзе рэгістрацыйных дакументаў з прычыны адсутнасці звестак пра адукацыю галоўнага рэдактара не было ніякіх законных падставаў, бо іх не прадугледжана ў законе "Аб СМІ". "А па-другое, нават у тых паперах, якія падаюцца на рэгістрацыю СМІ, адсутнічае пункт пра тое, мае рэдактар адукацыю ці не", - адзначыў намеснік старшыні БАЖ.

Па словах Андрэя Бастунца, гэта ўжо не першы выпадак, калі Міністэрства інфармацыі не разглядае дакументы на рэгістрацыю незалежных выданняў. На яго думку, гэта не мае ніякага дачынення да выканання закона. "Гэта такі падыход, што лібералізацыя ў галіне рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі скончылася, не паспеўшы пачацца", - упэўнены Бастунец.

Газета "Магілёўскі час" планавалася як выданне грамадска-палітычнай тэматыкі. Дагэтуль яна некалькі гадоў выходзіла як малафарматнае выданне накладам да 299 асобнікаў.

Суд за неабыякавасць

На гэтым тыдні суддзі Чыгуначнага раёна Гомеля пакаралі буйнымі штрафамі шасцёх палітыкаў і грамадскіх актывістаў. Разгляд справы яшчэ аднаго абвінавачваемага адкладзены, а іншыя дзевяць актывістаў чакаюць позваў на судовыя разбіральніцтвы.

Людзей судзілі на падставе міліцэйскіх пратаколаў, складзеных 16-га верасня бягучага году. Грамадзяне ішлі, каб на плошчы Паўстання стаць у ланцуг памяці з нагоды дзесятых угодкаў знікнення экс-віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Міліцыянты вырашылі, што гэта было несанкцыянаванае шэсце. У лік парушальнікаў трапілі нават тыя, хто не збіраўся ісці на плошчу.

Адна з акціяў пратэсту апазіцыі
Адна з акціяў пратэсту апазіцыіФото: AP

Штрафы за подпісы

Суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна прызнаў двух моладзевых актывістаў кампаніі "Чацвёрты сектар" вінаватымі ў дробным хуліганстве і аштрафаваў кожнага з іх.

Па словах моладзевага актывіста Яраслава Грышчэні, аднаго з іх супрацоўнікі міліцыі затрымалі напярэдадні за збор подпісаў у абарону беларускай мовы – за акцыю, якую з 17 верасня праводзіць "Малады фронт" і да якой далучыліся сябры рэгіянальнай кампаніі "Чацвёрты сектар".

Апроч таго, юнакі збіралі подпісы за ўстаноўку помніка беларускім ваенным лётчыкам, якія сёлета загінулі падчас авіяшоў у Польшчы. Міліцыянты запатрабавалі паказаць дазвол мясцовых выканаўчых уладаў на збор подпісаў, пасля чаго даставілі актывістаў у пастарунак, дзе склалі пратаколы за нецэнзурную лаянку. Ноч да суда затрыманыя маладзёны правялі ў зняволенні.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще