Правы чалавека ў Беларусі: вынікі тыдню
19 июня 2009 г.Вядомыя ў Беларусі палітычныя дзеячы прынялі зварот, што да сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы з "Нашай вясны" абскардзілі рашэнне Міністэрства юстыцыі аб нерэгістрацыі аб’яднання ў Вярхоўны суд, а Мінюст, у сваю чаргу, адмовіў у дзяржаўнай рэгістрацыі яшчэ аднаму палітычнаму ўтварэнню.
Зварот па правах чалавека
Трэці месяц працягваецца галадоўка былога прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца ў мінскім следчым ізалятары разам з Уладзімірам Асіпенкам і Юрыем Лявонавым. Беларускія праваабаронцы ўжо называюць усіх трох вязнымі сумлення. Зараз стан здароўя Мікалая Аўтуховіча знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай. 16 чэрвеня, у Дзень беларускай салідарнасці шэраг беларускіх апазіцыйных палітыкаў выступілі са зваротам, які тычынна не толькі лёсу трох былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, але ўвогуле сітуаціі з правамі чалавека ў краіне.
Як адзначыў, агучваючы дакумент, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршўчэўскі, у Беларусі па-ранейшаму цалкам адсутнічае сістэма прававой абароныі грамадзян ад пераследу за палітычныя, рэлігійныя і іншыя перакананні, не выконваюцца найважнейшыя абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай сферы дзяржавай.
"У любы час асоба можа зрабіцца ахвяраю неабгрунтаваных брутальных дзеянняў з боку міліцыі, не мае шансаў на справядлівы суд, магчымасцяў нармальнага працаўладкавання альбо вучобы на тэрыторыі краіны, калі ўлада лічыць гэтую асобу сваім палітычным праціўнікам", - падкрэсліў Лявон Баршчэўскі.
Падпісанты зварота патрабуюць ад уладаў тэрмінова змяніць Мікалаю Аўтуховічу, Уладзіміру Асіпенку і Юрыю Лявонаву меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і адпусціць вязняў да суда.
У суд на Мінюст
16 чэрвеня заснавальнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднання "Наша Вясна" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч звярнуліся ў Вярхоўны суд Беларусі са скаргай на рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі. У сваёй скарзе праваабаронцы адзначаюць, што падставы для нерэгістрацыі "Нашай Вясны" не грунтуюцца на законе, носяць дыскрымінацыйны характар і парушаюць правы і законныя інтарэсы заснавальнікаў грамадскага аб’яднання.
25 траўня Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднання "Наша Вясна". Гэта была трэцяя спроба праваабаронцаў легалізаваць дзейнасць аб’яднання. Раней Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі двойчы: у 2007 і 2009 годзе. Папярэдняя адмова ў рэгістрацыі, атрыманая 26 лютага бягучага году, была абскарджаная ў Вярхоўным судзе, які 22 красавіка пакінуў без задавальнення гэтую скаргу праваабаронцаў.
Яшчэ адной партыі адмоўлена ў рэгістрацыі
Міністэрства юстыцыі адмовілася рэгістраваць Партыю свабоды і прагрэсу, якую ачольвае экс-дэпутат парламента Уладзімір Навасяд. У рэгістрацыі адмоўлена з прычыны таго, што "пратаколы з’езду ўтрымліваюць супярэчлівыя звесткі". У прыватнасці, Мін’юст убачыў парушэнні ў вылучэнні дэлегатаў на форум. Таксама сярод парушэнняў значыцца тое, што "спіс заснавальнікаў мае несапраўдныя звесткі".
Партыя свабоды і прагрэсу спрабуе зарэгістравацца ад 2003 году, але кожная спроба канчаецца няўдачай. Нагадаем, што сёлета Мін’юст таксама адмовіў у дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Марына Нікіціч